20 красавiка 2024, Субота, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цёплы лістапад: як звязаны тэмпературныя рэкорды ў Беларусі і паводка ў Венецыі

Цёплы лістапад: як звязаны тэмпературныя рэкорды ў Беларусі і паводка ў Венецыі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Тэмпературныя рэкорды дня абнаўляюцца ўжо пяты раз з пачатку месяца.

Восень сёлета выключная: верасень і кастрычнік выдаліся на некалькі градусаў цяплей за норму. А цяпер і лістапад - самы халодны месяц сезону - здзіўляе кліматычнымі рэкордамі. БелаПАН правёў параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета і выявіў займальныя факты.

Самыя старыя тэмпературныя рэкорды пратрымаліся больш за паўстагоддзя - з 1950 года. А 13 лістапада максімумы дня абнавіліся на многіх метэастанцыях Берасцейскай, Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласцей. Так, у Жыткавічах было +15,5°C супраць +14,1°C, а ў Слуцку +14,4°C супраць ранейшых +12°C.

Цяплей за ўсё ў краіне было ў Пінску і Берасці - + 16,5 °C. У Пінску мінулы рэкорд дня быў зафіксаваны ў 2010 годзе - + 14,6°C, а ў Берасці - +15,5°C у 1996-м.

Максімальныя значэнні абнавіліся на ўсіх метэастанцыях Менскай вобласці, а ў самой сталіцы пабіты рэкорд 50-гадовай даўніны: +13,2°C супраць +11,1°C.

Сярод абласных гарадоў новы рэкорд усталяваны ў Магілёве - 11,3 градуса вышэй за нуль. Папярэдні максімум (10,2 градуса) трымаўся з 1977 года.

Дарэчы, 13 лістапада тэмпературныя рэкорды абнавіліся пятым разам з пачатку месяца! А цёплае надвор'е, як абяцаюць сіноптыкі, пратрымаецца як мінімум да пачатку наступнага тыдня.

Цёплае надвор'е звязана з паводкай ў Венецыі?

Цяпло радуе не толькі беларусаў, але і жыхароў цэнтра Расеі. Там тэмпература паветра на 5 градусаў вышэйшая, чым павінна быць у гэты час, піша kp.by.

Галоўны сіноптык Маскоўскага Мэтэабюро Таццяна Пазнякова патлумачыла, што арктычны антыцыклон, які прыносіў холад, перамясціўся на поўдзень. І еўрапейская частка Расеі, і Менск была ў паўднёвых патоках паветра, які ідзе з Балкан. Гэты ж антыцыклон блакуе непагодлівыя цыклоны, якія фармуюцца на захадзе Міжземнамор'я. Ім нічога не застаецца, як рухацца на поўнач Італіі, Францыі, да Альпаў. Моцныя ліўні, якія выклікалі паводку ў Венецыі, - менавіта з гэтых цыклонаў. Гэта ўсё адзіны працэс.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках