23 красавiка 2024, aўторак, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шантрапа ў падваротні

20
Шантрапа ў падваротні
ФОТА: INTEX-PRESS

Урок лексікі ад Лукашэнкі.

У Беларусі ёсць народная прыкмета: калі нядзельнай раніцай прачынаешся ад таго, што ў акно нясуцца лютыя дэцыбелы «Чаркі гарэлкі на стале» – значыць, сёння дзень «парламенцкіх выбараў». Больш нічога, як правіла, у гэты дзень не адбываецца.

Па-першае, беларусы масава ігнаруюць паходы на выбарчыя ўчасткі, нягледзячы на тое, што ў школьныя буфеты ў гэты дзень завозяць гарэлку і піва.

Па-другое, паколькі выбараў у Беларусі ўжо даўно няма і спісы будучых дэпутатаў зацвярджаюцца загадзя, кожны беларус з самага пачатку ведае, каго прызначаць дэпутатам у ягонай акрузе: гэтыя людзі часцей за ўсё ідуць ад грамадскага аб'яднання «Белая Русь».

Па-трэцяе, з 1996 года «выбары» ў Беларусі ні разу не былі прызнаныя ні АБСЕ, ні Еўразвязам, ні ЗША. Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека кожны раз піша ў справаздачы, што выбары не адпавядалі стандартам АБСЕ, а ЦВК у адказ на гэта радасна канстатуе, што выбары прайшлі пад міжнародным назіраннем. І так ужо 23 гады.

Прэзідэнцкія «выбары» адрозніваюцца ад «парламенцкіх» тым, што пасля іх яшчэ звычайна пачынаюцца масавыя пратэсты і апанентаў садзяць у турму. А яшчэ журналісты з раніцы прыязджаюць на ўчастак, да якога прыпісаны Лукашэнка, і чакаюць, каб ён што-небудзь сказаў. І ён яшчэ ні разу не падвёў – не пакінуў журналістаў без інфармацыйнай нагоды.

17 лістапада ўсё прайшло як звычайна. На гэты раз Лукашэнка ўжо нават не выказваўся наконт прэзідэнцкіх выбараў наступнага года – яму гэта не надта цікава.

Ён ужо апавядаў, што абавязкова будзе вылучаецца на выбарах 2025 года: 2020 год для яго – пытанне вызначанае. А праз шэсць гадоў – ну... калі народ папросіць.

Таксама нічога новага: байкі пра просьбы народа ён прамаўляе рэгулярна, незалежна ад даты «выбараў». Так што цытаты можна браць з любога выступу ў любым годзе – яны практычна супадаюць.

Куды цікавей было пачуць, што ён скажа пра стасункі з Расеяй: засталося тры тыдні да 8 снежня – дня, на які прызначанае падпісанне новага пагаднення пра паглыбленую інтэграцыю.

Дык вось, ніякага прынцыповага пагаднення не будзе, калі не будзе таннай нафты.

Менавіта гэта Лукашэнка абвесціў на выбарчым участку. Не, вядома, спачатку ён успомніў, як мае быць, Канстытуцыю: «Ні адзін дакумент мною не будзе падпісаны, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі й падставовым прынцыпам нашага грамадства. Не турбуйцеся ў гэтым кірунку, я не меншы патрыёт, чым вы». Пакляўшыся ў патрыятызме, Аляксандр Рыгоравіч прадоўжыў ужо пра справу: «Самы галоўны прынцып – суверэнітэт і незалежнасць нашага грамадства. Не трэба ніякай канспіралогіі. Усё вядзецца адкрыта, і апошні раз прэм'ер-міністр сказаў: калі не будуць развязаныя нашы прынцыповыя пытанні ў пастаўках вуглевадародаў, адкрыцці рынкаў для нашых вытворцаў, як след, зняцці бар'ераў, ніякія дарожныя карты не будуць падпісаныя». Потым сказаў, што дэфіцыт у гандлёвым балансе з Расеяй – 9 мільярдаў даляраў.

Гэта значыць, Беларусь закупляе на 9 мільярдаў больш тавараў у Расеі, чым прадае туды. А грошай, каб заплаціць Расеі гэтыя мільярды, няма, паколькі, як патлумачыў Лукашэнка, у Беларусі няма сваіх вуглевадародаў. А зарабіць на расейскім рынку немагчыма, таму што Масква не дазваляе. І рэзюмаваў: «Калі ты ўступаеш у нейкае аб'яднанне, спадзяешся, што з кожным месяцам, з кожным годам будзе лепш. А што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы ўвесь час у эканоміцы нешта страчваем. Выбачайце, на храна патрэбны каму такі саюз?»

Уласна, на выбарчым участку Лукашэнка назваў кошт падпісання інтэграцыйных стасункаў з Расеяй: 9 мільярдаў даляраў.

І цяпер, прынамсі, з гэтым усё зразумела. А што тычыцца «на храна», то на ўсялякі выпадак ён растлумачыў: «Гэта я ўжо па-вясковаму кажу, па-сялянску, па-мужыцку». Але – няпраўда. Не па-сялянску зусім.

На тым жа ўчастку Лукашэнка загаварыў пра назіральнікаў, якія падчас датэрміновага галасавання (на гэты раз ЦВК абвесціў, што датэрмінова прагаласавалі 36 адсоткаў выбарнікаў) знялі на відэа спробу ўкіду туды стосу бюлетэняў у Берасці. Дзяўчыну са стосам бюлетэняў апазналі: гэта педагог-псіхолаг дзіцячага сада Настасся Кулічкова. А яе кіраўніца Таццяна Мосіна ўзначальвае ўчастковую выбарчую камісію. Пасля з'яўлення скандальнага відэа назіральніка ад кампаніі «Права выбару» Юрыя Вашчанчука пазбавілі акрэдытацыі. А падчас галасавання і Лукашэнка выказаўся: «Я сказаў спецслужбам і міліцыі, каб яны цвёрда спынялі падобныя выпадкі. Жорстка – гэта значыць, калі нейкі мудак або прыдурак пачынае кідацца на выбарнікаў, сказаць, што яму ўставілі мазгі так, каб больш гэтага не хацелася». А потым яшчэ паабяцаў «адкруціць галовы і павыварочваць рукі» тым, хто будзе, з ягонага гледзішча, ціснуць на выбарчыя камісіі.

Гэта ён размаўляў ужо не пра назіральніка Вашчанчука, а пра тых невядомых, якія напярэдадні выбараў расклеілі ўлёткі на магілёўскім доме, у якім жыве старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 32 Марына Зубарэнка. Ва ўлётках было напісана, што дзякуючы ёй імя «дэпутата» без усялякіх «выбараў» ужо вядомае. Дык вось, Лукашэнка паспачуваў ёй: «Мне прасцей. На мяне брудам ліюць, я сяджу ў лесе за плотам. А яна ходзіць па вуліцах». Ну і далей – «адкруціць галовы і павыварочваць рукі». І ўсім астатнім – таксама. Таму што, паводле ягоных словаў, усе правакацыі зафіксаваныя, і пасля выбараў пачнецца вялікае пакаранне. Сказаў, што раней ён проста стрымліваў сілавікоў, каб ніхто не змог сказаць, быццам «дыктатар нахіліў грамадства». Але цяпер, пасля выбараў, з усімі «разбяруцца».

А цяпер, калі коратка, рэзюмуецца змест прамовы Лукашэнкі ў дзень «парламенцкіх выбараў».

«На храна нам патрэбен саюз? Назіральнік – мудак або прыдурак. Галовы паадкручваем і рукі павыварочваем. Ніхто не скажа, што дыктатар нахіліў грамадства, але з усімі потым разбярэмся».

Дык вось, наконт «выказаўся па-сялянску, па-мужыцку» – гэта хлусня. Так выказваюцца зусім не сяляне. Так выказваецца шантрапа ў падваротні за піўным шапікам. Гэта яе лексіка, гэта яе метады, яе «каруселі» і фальсіфікацыі.

Ах так, гэта ж усё было сказана з нагоды парламенцкіх выбараў. На жаль, тут навінаў няма. Прайшлі ўсе, каго прызначылі. Ніводнага не толькі з апазіцыі, але нават хоць трохі незалежнага. І калі ў 2016 годзе дэпутатамі сталі прадстаўніца апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая і намесніца старшыні «Таварыства беларускай мовы» Алена Анісім, якіх дэманстравалі ўсім заходнім дэлегацыям як апазіцыю ў «парламенце», то сёлета абедзвюм адмовілі нават у рэгістрацыі. Так што няма пра што і казаць. Стэрыльна, як у радзільні.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках