19 красавiка 2024, Пятніца, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адкрыцці з выбарчага ўчастка: Галасы лічыліся ў паўзмроку

12
Адкрыцці з выбарчага ўчастка: Галасы лічыліся ў паўзмроку
ФОТА: «Радыё Свабода»

Як працавалі фальсіфікатары ў Берасці.

Ваенны пенсіянер з Берасця Аляксандр Мельнік ужо пяты раз удзельнічае ў выбарчых кампаніях. Але пераможцам ён так ні разу і не стаў.

Паводле звестак выбаркама, на гэты раз ён набраў толькі 4,8%. Але сам экс-кандыдат, які не з'яўляецца ўдзельнікам сістэмнай апазіцыі, сцвярджае, што на свабодных і справядлівых выбарах напэўна перамог бы.

Аляксандр Мельнік апавёў «Салiдарнасцi» пра парушынкі беларускай сістэмы выбараў.

Пра нашумелы выпадак з укідам бюлетэняў, які зафіксаваў назіральнік

– У панядзелак, за дзень да інцыдэнту, я прыйшоў на гэты ж участак (скандал адбыўся на адным з участкаў Берасцейскай-Усходняй акругі, дзе і балатаваўся суразмоўца, – С.), каб пакінуць свае плакаты. Там ішла падрыхтоўка да галасавання, камісія якраз раскладвала бюлетэні. Побач з аўдыторыяй, дзе на наступны дзень павінна было пачацца датэрміновае галасаванне, тусаваліся нейкія жанчыны.

Ужо на выхадзе я заўважыў сімпатычную дзяўчыну, якая відавочна некага чакала. Калі яе фота з'явілася ў інтэрнэце – адразу пазнаў.

А мае плакаты, як звычайна, ужо праз дзень былі сарваныя. Вісела толькі агітацыя ў падтрымку Анатоля Дашко, дзейнага дэпутата, які ў выніку і перамог.

Пра тое, як дасягаецца «патрэбны вынік»

– У першы дзень датэрміновага галасавання мой назіральнік прасядзеў там увесь час. Ён фіксаваў кожнага выбарніка, які галасаваў. Налічыў 49 чалавек. У выніковым пратаколе за гэты дзень стаяла лічба «61».

На наступны дзень разбежка была яшчэ большай – 41 і 89 у пратаколе.

Пасля таго як ён паскардзіўся ў акруговую камісію, ужо ў трэці і чацвёрты дзень лікі больш-менш сыходзіліся. Але з гэтым я сутыкаўся заўсёды, колькі ўдзельнічаю ў выбарах. Адказы, колькі пісаў пра гэта ў ЦВК, прыходзілі як пад капірку: «Выбары прайшлі ў поўнай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам РБ».

Пра ўчастковыя камісіі

– Амаль ва ўсіх участковых камісій жаночы твар. Не, я не супраць гендарнага дысбалансу. Але як увайсці ў гэтыя камісіі? На мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах я падаваў заяўку. Кожны раз мяне не ўключалі на той падставе, што ў мяне няма досведу.

Але ж з 2004 года я з'яўляюся кандыдатам у дэпутаты парламента. А гэта, як ні круці, вялікі досвед удзелу ў выбарчых кампаніях. У мяне другая вышэйшая адукацыя звязаная з мясцовым кіраваннем і самакіраваннем. У медыцынскім каледжы я выкладаў ідэалогію беларускай дзяржавы, дзе ёсць раздзел «Выбарчая сістэма».

Затое ў камісіі заўсёды ўключаюць добра правераных, як правіла, залежных ад улады людзей. Тых, хто гатовы паставіць свой подпіс пад пратаколам, нават калі ён з ім не згодны.

Як праходзіць падлік?

– Звычайна ўсе бюлетэні высыпаюцца на стол і раздаюцца ўсім сябрам камісіі прыкладна роўнымі часткамі. Тыя пачынаюць лічыць. Пасля таго як галасы падлічаны, кожны «лічыльнік» шэптам кажа старшыні або піша яму на паперцы, колькі галасоў за кожнага кандыдата.

З гэтымі звесткамі старшыня выдаляецца ў асобны кабінет, там усё гэта звярае і праз нейкі час выходзіць з нарыхтаваным пратаколам, які сябры камісіі падпісваюць. Вынікі агучваюць.

Але сам працэс падліку абсалютна непразрысты. Ніхто з кандыдатаў і назіральнікаў і блізка не падпускацца да стала. Падчас падліку на адным з участкаў мне нават устаць са свайго месца не дазвалялі.

І яшчэ адзін штрых. На ўчастку, дзе ішло галасаванне, над сталом з чальцамі камісіі віселі чатыры люстры. У кожнай з іх было чатыры лямпачкі. Да канца галасавання, калі я прыйшоў, у кожнай люстры гарэла роўна адна.

Я спытаў старшыню, чаму астатнія не гараць, яна адказвае: «перагарэлі, а замяніць ужо няма каму». Так што галасы лічылі ў паўзмроку.

Паслясмак

– На апошніх выбарах, ва ўсякім разе ў Берасці, было відавочнае ўзмацненне жорсткасці з боку ўлады. Ці звязана гэта з выступамі супраць акумулятарнага завода, або з нечым іншым, – цяжка меркаваць.

Але выразна прасочвалася тэндэнцыя – працэсам кіравалі з Менска. Калі раней шмат што залежала ад пазіцыі мясцовых чыноўнікаў і ўсе скаргі разглядалася максімум у абласной камісіі выбараў, то ў гэтую кампанію адчувалася – каманды ідуць з самага верху, і любое, нават самае малое пытанне, узгадняецца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках