28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША апублікаваныя новыя паказанні ў справе аб імпічменце Трампа

6
У ЗША апублікаваныя новыя паказанні ў справе аб імпічменце Трампа

Гаворка ідзе пра тэлефанаванне ў ЕЗ.

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў ЗША апублікавалі паказанні яшчэ дзвюх сведак у справе аб імпічменце прэзідэнту Дональду Трампу, паведамляе dw.com.

Увечары ў панядзелак, 18 лістапада, апублікаваныя заявы супрацоўніка амерыканскай амбасады ў Кіеве Дэвіда Холмса і высокапастаўленага чыноўніка Дзярждэпартамента ЗША Дэвіда Хэйла, зробленыя перад трыма камітэтамі Палаты прадстаўнікоў у ходзе расследавання "ўкраінскай справы".

Холмс быў сведкам тэлефанавання Сондланда Трампу

Сярод іншага Холмс на закрытых слуханнях 15 лістапада паведаміў, што стаў сведкам тэлефанавання амбасадара ЗША ў Еўразвязе Гордана Сондланда Трампу, якое адбылося падчас іх супольнага абеду ў Кіеве 26 ліпеня. Паводле ягоных словаў, Трамп спытаў дыпламата, ці паклапоціцца прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пачаць расследаванне супраць сына былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, на што той адказаў станоўча. Акрамя таго, Сондланд дадаў, што Зяленскі зробіць усё, "пра што вы папросіце", паведаміў далей Холмс.

Пасля тэлефоннай размовы Холмс пацікавіўся ў дыпламата пра погляды Трампа ў дачыненні да Кіева. "Асабліва я спытаў амбасадара Сондланда, ці праўда, што прэзідэнту пляваць на Украіну. Амбасадар Сондланд пагадзіўся, што прэзідэнту пляваць на Украіну", – паведаміў супрацоўнік амерыканскай амбасады.

Паводле словаў Холмса, адказваючы на пытанне пра прычыны такога стаўлення, Сондланд заявіў, што Трампа хвалююць толькі "вялікія рэчы". Пры гэтым Холмс нібыта запярэчыў, што "вялікія рэчы" адбываюцца ва Украіне, напрыклад вайна з Расеяй, на што Сондланд адказаў, што гаворка ідзе пра "вялікія рэчы", якія прыносяць выгоду Трампу, да прыкладу, "расследаванне ў дачыненні да Байдэна".

Дэмакраты расследуюць "Украінагейт"

Другі апублікаваны дакумент змяшчае паказанні супрацоўніка Дзярждэпартамента ЗША Дэвіда Хэйла, якія тычацца датэрміновага адклікання амбасадаркі ЗША ва Украіне Мэры Яванавіч.

У Дэмакратычнай партыі абвінавачваюць Трампа ў пошуках кампрамату на Байдэна з асабістых прычынаў. Крытыкі кіраўніка Белага дому мяркуюць, што ён скарыстаўся сваім становішчам, каб ціснуць на прэзідэнта Украіны, пагражаючы прыпыніць фінансавую дапамогу, калі кіеўскія ўлады не абвесцяць наконт правядзення расследавання супраць былога віцэ-прэзідэнта ЗША і ягонага сына Хантэра. Джо Байдэна называюць найбольш верагодным кандыдатам ад дэмакратаў і галоўным спаборнікам Трампа на прэзідэнцкіх выбарах. Трамп адмаўляе, што ціснуў на Зяленскага.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках