29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «хуткія» грошы робяць беларусаў жабракамі

6
Як «хуткія» грошы робяць беларусаў жабракамі

Праўда пра пазыкі, якія даюць, не пытаючыся пра крэдытную гісторыю.

Грошы пад шалёныя 365% гадавых, пеня пад 730% – на такіх умовах могуць браць пазыкі толькі тыя, хто ўжо развучыўся лічыць. Высокая плата за тое, што ніхто не цікавіцца вашым памерам заробкаў і крэдытнай гісторыяй. Журналісты «Белсата» высветлілі, хто і як дае «хуткія грошы».

Разам з фатографам Яўгенам Клімовічам журналісты ўвялі ў інтэрнэт-пошук «хуткія грошы» і атрымалі пералік сайтаў з кантактамі. Нядаўна выйшаў указ Лукашэнкі, які забараняе выдаваць кароткачасовыя пазыкі мікракрэдытным арганізацыям, якія называюцца фінансавымі фондамі. Указ забараніў выдаваць крэдыты фінансава-адукацыйным фондам. Маўляў, стаўкі там дасягалі 530% гадавых. Ужо ёсць першыя ахвяры – адзін з фондаў адмовіў нам у грошах.

«Я хачу атрымаць сёння 500 рублёў. На якіх умовах я магу атрымаць?» – пытаецца Яўген.

«500 рублёў. Растэрміноўка 24 месяцы, аплата будзе кожны месяц 40 рублёў», – адразу ж выдаюць у адказ на іншым канцы слухаўкі.

Пра працу і крэдытную гісторыю нават не пытаюцца. Значыць, мы трапілі на стандартную прапанову растэрміноўкі на тэхніку. Афіцыйных дамоваў ніхто з вамі не падпісвае. Такіх шэрых прадпрымальнікаў ніякімі ўказамі не забароніш.

Гэта працуе так. Вы едзеце ў салон сувязі або ў краму тэхнікі і набываеце ў растэрміноўку, напрыклад, мабільны тэлефон. За дзвярыма вас ужо чакае чалавек з грашыма. Вы аддаяце яму тэлефон, а ён неадкладна выдае вам патрэбную суму.

«Калі мне 500 рублёў трэба, на якую суму мне трэба тэлефон набыць?» – пытаецца Яўген у іншага крэдытора.

«Тэлефон будзе каштаваць блізу 1000 рублёў», – адказвае ён.

Гэта значыць потым вы выплачваеце цягам года суму ўдвая большую, чым ўзялі. Атрымалі 500 – вернеце 1000. Лічы, крэдыт пад 100% гадавых. Чалавека, якому вы аддасце тэлефон, вы бачыце апошні раз. Калі перастанеце плаціць, разбірацца з вамі будзе салон сувязі.

Ёсць яшчэ зваротны лізінг. Законны від пазыкі, але нявыгадны. Кампанія набывае ў вас тэхніку і аддае яе вам у карыстанне. Вернеце грошы – атрымаеце тэхніку назад. Адсотак за карыстанне грашыма можа даходзіць да аднаго за дзень. Не паспелі выкупіць у тэрмін – пеня 2% у дзень. Але фінансавы кансультант раіць прадаць набытую тэхніку.

«Напрыклад, аўтамабіль. Рынкавы кошт 7 тысячаў рублёў. Выстаўце яго за 5. Ён сыдзе ў вас за некалькі дзён. Я ўпэўненая», – прыводзіць прыклад Святлана Мурашка, фінансавая кансультантка.

Нават такі дысконт будзе вам больш выгадны, чым страты ад выплаты адсоткаў паводле стаўкі 365 гадавых або пеня пад 730% гадавых.

Нават ламбард у пэўных выпадках можа быць больш выгадным. Па-першае, за папулярныя мадэлі тых жа тэлефонаў там можна атрымаць больш за палову кошту. Па-другое, ламбарды могуць на першую пазыку ставіць ільготныя стаўкі – 0,35% у дзень. Хоць звычайна стаўка таксама большая за 1% у дзень.

Здавалася б, банкі бяруць немалыя адсоткі за свае крэдыты. У ламбарды людзі ідуць у крайніх выпадках. А ад так званых хуткіх грошай увогуле трэба трымацца як мага далей.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках