19 красавiка 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Набыў канапу за $ 700 паводле курсу, але тая ўся патрэскалася»

38
«Набыў канапу за $ 700 паводле курсу, але тая ўся патрэскалася»

Мянчук абураны якасцю вырабаў беларускага вытворцы.

Неардынарным пытаннем задаўся адзін з чытачоў onliner.by. Два з паловай гады таму малады чалавек набыў канапу вядомага беларускага вытворцы. Аднак за такі нядоўгі час эксплуатацыі экаскура, якой быў абабіты каркас, стала непрыдатнай: трэшчыны, дзіркі, заломы. Можна было б наракаць на якасць, але гарантыйны тэрмін прадбачліва мінуў. Так што «Гандлёваму дому "Лагуна"» нічога не прад'явіш. Але ж можна дамовіцца па-добраму?..

– У сярэдзіне 2015 набыў кутнюю канапу «Нікалет Голд» з чорнай экаскуры, – апавядае мянчук. – Кошт канапы на той момант быў у раёне $700. За час выкарыстання на абіўцы пачалі з'яўляцца трэшчыны. Пасля таго як іх стала зусім шмат, надумаў звярнуцца ў краму з рэкламацыяй, першапачаткова ведаючы, што «тэрмін прыдатнасці» скончыўся праз 18 месяцаў пасля набыцця.

У сваёй рэкламацыі малады чалавек не прасіў вярнуць грошы і не пагражаў дырэктарату нябеснымі карамі за сумнеўную якасць. Мянчук прапанаваў дыпламатычны варыянт, папрасіўшы на заказ за ягоныя ж грошы пашыць на фабрыцы чахлы з тканіны для ўсіх пашкоджаных элементаў.

– Мяркую, што чахлы на падушцы памяняць і замяніць абіўку з выкарыстаннем гатовых элементаў – гэта нескладаная праца, а фабрычныя радкі і тонкасць кройкі індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць якасна выканаць, – тлумачыць свой падыход пакупнік. – У выніку даслалі з фабрыкі ліст, парушыўшы тэрміны разгляду звароту, дзе на 4 лістах выклалі мне ўсе тонкасці юрыспрудэнцыі нашага заканадаўства і майго становішча, але адказу на сутнасць пытання так і не далі.

Крама з сябе ўсе пытанні здымае, спасылаючыся на фабрыку, а на мае званкі праз тэлефон, паказаны выканаўцам, ніхто не адказвае. Пазней знайшоў нямала дрэнных водгукаў і на вытворцу, і на ягоную прадукцыю. І вось узнікае слушнае пытанне стаўлення да сваіх кліентаў: чаму першапачаткова ў крамах не папярэджваюць, што праз 2–2,5 года вы будзеце вымушаныя выкінуць сваю канапу на сметніцу? А калі ведаеце, што такія праблемы ёсць і будуць, зрабіце, як усе нармальныя вытворцы: дайце магчымасць набыць запасныя элементы на заказ. Гэта ж яшчэ адна крыніца заробку фабрыкі і клопат пра сваіх спажыўцоў.

Звязацца з прадстаўнікамі «Гандлёвага дома "Лагуна"» сапраўды няпростая задача: на ўказаных на афіцыйным сайце нумарах тэлефона можна хіба што паслухаць прыемную музычку, але ніяк не пачуць запаветнае «алё» ў слухаўцы. Прычым гэта тычыцца ўсіх кантактаў. Але мы не сталі спыняцца і 14 сакавіка напісалі электронны ліст вытворцу з просьбай паказаць нумар тэлефона чалавека, які адказвае за сувязі з прэсай. На наступны дзень нам адказалі: «Вы не маглі б удакладніць, якога кшталту пытанні, ці, магчыма, ёсць спіс пытанняў? Звычайна мы з прэсай не маем стасункаў, а за розныя напрамкі адказваюць розныя спецыялісты, таму адназначнага адказу няма».

Нам, зразумела, літараў не шкада, і ў зваротным лісце журналісты апісалі гэтую і яшчэ адну сітуацыю (два разнапланавыя лісты, датычныя працы фабрыкі, прыйшлі амаль адначасова). З тых часоў ад гандлёвага дома ні почуткі, хоць 2 красавіка журналісты яшчэ раз звязаліся з вытворцам і папрасілі ўдакладніць, калі чакаць адказу.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках