19 красавiка 2024, Пятніца, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці будзе калапс эканомікі праз пуск БелАЭС?

46
Ці будзе калапс эканомікі праз пуск БелАЭС?
АРХІЎНАЕ ФОТА AFP

У выпадку адмовы Расеі ад рэфінансавання крэдыту ЗВР Беларусі хопіць ненадоўга.

Расея пакуль не мяняла ўмоваў крэдытавання будаўніцтва Беларускай АЭС.

Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў, піша «Заўтра тваёй краіны».

– Яны (Беларусь – заўв. рэд.) казалі знізіць стаўку і тэрмін падоўжыць. Але ў нас не было нейкіх іншых пастановаў, чым прынятыя раней, – заявіў расейскі чыноўнік.

Ці зможа наша краіна самастойна разлічыцца з Расеяй у крэдытах на будаўніцтва БелАЭС, калі Масква не пойдзе на саступкі?

– Беларусь даўно ні ў якіх крэдытах самастойна не разлічваецца, – адзначае старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб. – Большая частка крэдытаў выплачваецца з дапамогай рэфінансавання.

Паводле словаў эксперта, менавіта таму беларускія ўлады просяць падоўжыць тэрміны выплаты крэдыту і памяншэння адсоткаў стаўкi.

– Калі Масква пойдзе насустрач, беларусам кожны год трэба будзе менш аддаваць і менш рэфінансаваць, – тлумачыць Вадзім Іосуб.

– Што можа паўплываць на пастанову расейскага боку?

– У вельмі многіх эканамічных дамоўленасцях з Беларуссю Масква прымае пастановы зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Цяпер стасункі паміж краінамі вельмі няпростыя. Яны мяняюцца ледзь не кожны дзень. Ківач вагаецца ад брацкага сяброўства да, цытуючы кіраўніка нашай дзяржавы, жадання нахіліць. Нагадаю, што Расея ўвяла забарону на пастаўкі з Беларусі ялавічыны, яблыкаў і грушаў.

Таму немагчыма прадказаць: які адказ дасць Крэмль на просьбу афіцыйнага Менска знізіць стаўку і падоўжыць тэрмін выплатаў у крэдытах на будаўніцтва БелАЭС.

– Якія маштабы вонкавай закрэдытаванасці Беларусі?

– Вельмі вялікія. Штогод неабходна накіроўваць на выплату пазык і іх абслугоўванне парадку 3,5–4 мільярдаў даляраў. Больш за 70% гэтай сумы трэба рэфінансаваць. У асноўным гэта расейскія крэдыты. Калі Масква адначасова адмовіцца рэструктурызаваць пазыку ў АЭС і рэфінансаваць іншыя крэдыты, то Беларусі будзе вельмі дрэнна.

– Дзе тады беларускаму ўраду давядзецца шукаць сродкі, каб разлічыцца ў пазыках?

– Адзін з варыянтаў – новая дамова з Міжнародным валютным фондам. Зразумела, што яна будзе звязаная з шэрагам жорсткіх умоваў датычна рэформаў беларускай эканомікі. Калі Менск не пагодзіцца выканаць патрабаванні МВФ, грошай не атрымае.

– Наколькі тады будзе верагодная пагроза дэфолту?

– Калі не атрымаем ні капейкі на рэфінансаванне, золатавалютных рэзерваў хопіць мінімум на два гады абслугоўвання дзяржаўнай пазыкі. З улікам таго, што ёсць нейкія іншыя валютныя паступленні, можна пражыць гады тры-чатыры. За гэты час можа многае змяніцца. Іншымі словамі, нават у выпадку адмовы Расеі рэструктураваць пазыкі, імгненнага калапсу беларускай эканомікі не будзе. Але будуць зніжацца прыбыткі, сацыяльная падтрымка насельніцтва, у цэлым пагоршыцца наша жыццё.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках