29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Відэафакт: Ракета з ПЗРК збівае пад Трыпалі самалёт лаяльнага Крамлю генерала

4
Відэафакт: Ракета з ПЗРК збівае пад Трыпалі самалёт лаяльнага Крамлю генерала

Меркавана, выкарыстоўваўся зенітны комплекс «Страла».

Знішчальнік лаяльнага Маскве генерала Халіфы Хафтара (МіГ-21 альбо МіГ-23 паводле розных версіяў) быў збіты ў нядзелю пераносным зенітным комплексам (ПЗРК). Пра гэта паведамляе South Front са спасылкай на рэсурсы, якія адсочваюць сітуацыю. Выданне публікуе відэазапіс запуску ракеты па самалёце ў палёце, а таксама фатаграфіі з меркаванага месца падзення знішчальніка, паведамляе newsader.com.

Прадстаўнікі Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Хафтара сцвярджаюць, што самалёт пацярпеў крушэнне ў выніку тэхнічнай няспраўнасці. South Front мяркуе, што "гэта вельмі малаверагодна", бо "на апублікаваным відэа можна ўбачыць дзве ракеты", выпушчаныя з ПЗРК. Меркавана, выкарыстоўваўся зенітны комплекс "Страла". Пілот здолеў катапультавацца. У ЛНА паведамілі, што лётчык у бяспецы.

Ход канфлікту

У гэтыя дні, як паведамляецца, Хафтар наведаў Егіпет, які разам з Расеяй з'яўляецца хаўруснікам мяцежнага генерала ў наступе на Трыпалі, дзе знаходзіцца Урад нацыянальнай згоды (УНЗ) на чале з Фаізам Сараджам. Апошні карыстаецца падтрымкай ААН і заходніх краінаў. У ходзе абарончай аперацыі "Вулкан гневу", якую абвесціў Сарадж, атрымалася спыніць наступ і, паводле звестак урадавых войскаў, захапіць у палон блізу 200 байцоў з войска Хафтара. У ходзе канфлікту бакі неаднаразова абменьваліся авіяўдарамі.

Раней у ЛНА паведамлялі пра тое, што яны здолелі збіць самалёт УНС L-39, аднак гэтая інфармацыя не была пацверджаная аб'ектыўнымі назіраннямі. Ва УНЗ адмаўлялі паведамленні пра тое, што страцілі самалёт.

У той самы час South Front мяркуе, што, нягледзячы на правал "бліцкрыгу", у ЛНА ў перспектыве ёсць вялікія шанцы на перамогу ў гэтым канфлікце. Паводле звестак выдання, падчас наступу армія Хафтара здолела захапіць у тым ліку дзве вайсковыя базы і ўзбраенне УНС блізу Трыпалі.

"Хоць ЛНА не дамаглася хуткай і катэгарычнай перамогі над сіламі супраць УНС у Трыпалі, падзеі апошніх некалькіх дзён паказалі, што кааліцыя апалчэнцаў, якія ваююць за УНС, апынулася няздольная адцясніць сілы ЛНА ад горада ўздоўж усёй лініі фронту, – піша South Front. – У сярэднетэрміновай перспектыве гэта азначае, што ў ЛНА ёсць усе шанцы ізаляваць сталіцу ад астатніх абласцей, якія падтрымліваюць УНС. Такое развіццё падзей стане сур'ёзным ударам па абаронцах Трыпалі, падрыхтуе глебу для далейшых наступальных аперацый і ўмацуе перамоўную пазіцыю кіраўніцтва ЛНА".

Згодна з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, цягам 10 дзён баёў за Трыпалі загінулі больш за 120 чалавек і яшчэ больш за 500 атрымалі раненні. Паводле звестак назіральнікаў, большая частка з іх – прадстаўнікі бакоў, што ваююць.

Як паведамляла раней Reuters, урадавая армія ўтрымлівае праціўнікаў на подступах да сталіцы краіны Трыпалі, ведучы абарончыя баі ў закінутым міжнародным аэрапорце, які знаходзіцца за 11 кіламетраў ад цэнтра горада, дзе жыве 1,2 мільёна чалавек.

Акрамя гуманітарнай катастрофы, канфлікт пагражае парушыць пастаўкі нафты, узмацніць міграцыйныя плыні праз Міжземнае мора ў Еўропу, сарваць мірны план ААН датычна Лівіі і дазволіць ісламісцкім баевікам выкарыстоўваць хаос, адзначае агенцтва.

Сам Хафтар называе сябе апорай супраць ісламскіх экстрэмістаў, аднак ягоныя апаненты бачаць у ім патэнцыйнага новага дыктатара, падобнага да Кадафі. Падчас пачатку наступу два тыдні таму ён звязаўся з МЗС Расеі і даклаў пра свае дзеянні супраць тых, каго ён назваў "тэрарыстамі". Масква, у сваю чаргу, заблакавала рэзалюцыю ў Радзе Бяспекі ААН, накіраваную на асуджэнне дзеянняў Хафтара.

Хафтар, Прыгожын, нафта

Халіфа Хафтар у апошнія гады неаднаразова наведваў Маскву і праводзіў перамовы з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. Апошні ягоны візіт адбыўся ў лістападзе 2018 года. Тады на сустрэчы Хафтара з кіраўніком Міністэрства абароны Расеі прысутнічаў бізнэсмэн Яўген Прыгожын.

У пачатку сакавіка газета The Telegraph паведамляла пра тое, што блізу 300 расейскіх наймітаў "ЧВК Вагнера" падтрымліваюць камандавальніка Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфу Хафтара. Паводле звестак выдання, расейцы выконваюць наступныя задачы: па-першае, захаваць парты Тобрук і Дэрна для расейскага флоту; па-другое, утрымліваць пад кантролем плыні нафты ў паўднёвую Еўропу пасля таго, як энэргетычная галіна Лівіі апынецца пад уладай Хафтара, чыя армія са студзеня вядзе захоп нафтавых радовішчаў.

Падзеленая Лівія

Грамадзянская вайна ў Лівіі пачалася ў лютым 2011 года. Спробы кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі здушыць мяцеж на ўсходзе краіны прывялі да ўвядзення санкцый супраць ягонага рэжыму і пачатку ваеннай аперацыі, у якой узялі ўдзел сілы NATO. У кастрычніку 2011 году Кадафі забілі ў горадзе Сірт.

Пасля скідання рэжыму Кадафі ў Лівіі пачалася вайна паміж разнастайнымі сіламі паўстанцаў, якія калісьці выступалі адзіным фронтам. Сталіца Трыпалі і захад краіны знаходзіцца пад кантролем Урада нацыянальнага адзінства, створанага ў канцы 2015 года пад эгідай ААН.

Усход Лівіі і збольшага поўдзень падкантрольны Палаце прадстаўнікоў Лівіі, таксама званай Урадам у Тобруку. Лівійская нацыянальная армія, якую ўзначальвае фельдмаршал Халіфа Хафтар, падтрымлівае гэтую палітычную сілу.

Выбары прэзідэнта краіны павінны былі адбыцца ў Лівіі яшчэ ў 2013 годзе, аднак з тых часоў электаральнае мерапрыемства неаднаразова пераносілася. Чарговы раз выбары былі перанесеныя на вясну 2019 года. Іхні тэрмін падыходзіў да моманту цяперашняга наступу Хафтара. Мяцежны генерал удзельнічаў у дамоўленасцях пра перанос выбараў разам з прэм'ерам Сараджам. На 14–16 красавіка была запланаваная канферэнцыя ААН для пошуку палітычнага выйсця з лівійскага крызісу.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках