28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мама спрабавала скончыць жыццё самагубствам»

13
«Мама спрабавала скончыць жыццё самагубствам»

Сям'я іранца, якога могуць дэпартаваць з Беларусі, у роспачы.

Мерхдад Джамшыдыян прадаўжае змагацца за жыццё ў Беларусі. У Менск ён прыехаў 25 гадоў таму, тут у яго жонка і трое дзяцей, усе – грамадзяне нашай краіны. Апошнія дзесяць месяцаў мужчына знаходзіцца ў ізалятары і ні разу не бачыў сваю сям'ю. Больш за тысячу беларусаў звярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай дазволіць Мерхдаду застацца ў нашай краіне, бо ў Іране яму пагражае смяротнае пакаранне – за тое, што ён прыняў хрысціянства. У судзе Маскоўскага раёна 15 красавіка разглядаецца скарга Мерхдада на пастанову пра ягоную дэпартацыі, паведамляе tut.by.

ДАЧКА МЕРХДАДА ДЫЯНА Ў СУДЗЕ 15 КРАСАВІКА

Малодшай дачцэ Мерхдада Дыяне 18 гадоў. У яе дзве працы, таму што трэба клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра маці.

– Мама перанесла анкалогію, – кажа Дыяна і не можа стрымаць слёзаў. – Нядаўна яна спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Цяпер у лякарні. У нас ужо няма ні маральных, ні фізічных сілаў. Я ўвесь час хаджу ў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі. Малю: пакіньце тату з намі! У адказ мне ківаюць галавой, маўляў, усё разумеем, – але нічога не мяняецца. Некалькі разоў абяцалі, што яго выпусцяць. Мы так чакалі! Але яго прадаўжаюць трымаць у ізалятары.

Мерхдад Джамшыдыян прыехаў у Беларусь у 1993 годзе. Пачаў сваю справу, завёў сям'ю. Праблемы пачаліся ў 2012 годзе, калі яго арыштавалі. У міліцыі ён даведаўся, што іранскія ўлады даслалі запыт з патрабаваннем вярнуць яго на радзіму, дзе супраць яго распачатая справа пра забойства маці і роднага брата. Паводле версіі следства, ён расправіўся з сваякам, каб атрымаць усю спадчыну. У Іране за гэта прадугледжанае пакаранне смерцю. Аднак Мерхдад мяркуе, што пераслед палітычны. Рэч у тым, што ягоны брат быў актывістам апазіцыйнага руху.

МЕРХДАД ДЖАМШЫДЫЯН

Паводле дакументаў, забойства адбылося ў верасні 2012 года, а Джамшыдыян 25 жніўня таго года ўжо вярнуўся ў Менск. Другі родны брат і дачка загінулага не вераць, што злачынства здзейсніў Мерхдад. Яны неаднаразова заяўлялі пра гэта іранскім праваахоўнікам. Генеральная пракуратура Беларусі двойчы адмовіла Ірану ў выдачы Мерхдада на радзіму, гэта кажа пра тое, што аргументы, пададзеныя ў запыце, не былі абгрунтаванымі. Да нядаўняга часу Джамшыдыян знаходзіўся ў міжнародным вышуку паводле лініі Інтэрпола. Аднак адвакатка і беларускія праваабаронцы, якія яму дапамагаюць, накіравалі абгрунтаванне пра ягоную невінаватасць, і яго выключылі з базы вышуку.

Яшчэ адзін важны ў гэтай гісторыі момант – Мерхдад прыняў хрысціянства ў Беларусі. Паводле іранскіх законаў, гэта ўважаецца вераадступніцтвам, за што яго могуць прысудзіць да смяротнага пакарання.

Адвакатка Наталля Мацкевіч падала ў судзе вынікі спецдакладніка ў правах чалавека ААН, які адзначае, што за апошні год у Іране было 207 смяротных пакаранняў, найбольшую дзель пакараных складаюць этнічныя і рэлігійныя меншасці. Акрамя таго, міжнародныя праваабаронцы сведчаць, што ў Іране актыўна ўжываюцца катаванні: адсячэнне канечнасцяў, псіхалагічны ціск, асляпленне, доўгае ўтрыманне ў адзіночнай камеры і іншыя. А яшчэ ў краіне парушаныя стандарты справядлівага суда, у тым ліку ў справах, дзе абвінавачаных прысуджаюць да смерці. Гэтыя факты, на думку абаронцы, паказваюць на тое, што Беларусь не можа дэпартаваць Мерхдада на радзіму.

– Становішча сумнае, – кажа пра затрыманага ягоная адвакатка. – Яму за 50 гадоў, ён перанёс інфаркт у ізалятары, належнага лекавання не атрымлівае. Жонка ў пачатку года перанесла анкалогію. Сын раней хварэў на рак, у яго група ў інваліднасці. Два хворыя чалавекі ў сям'і – і іх імкнуцца падтрымліваць дзве маладыя дзяўчыны, дочкі Мерхдада.

Паводле словаў малодшай дачкі, бацька абвяшчаў галадоўку, але сям'я праз адвакатку папрасіла яго спыніцца:

– Патрэбныя сілы, каб змагацца далей, – кажа Дыяна. – Хоць, шчыра кажучы, мы ўжо ўсе проста ў роспачы.

15 сакавіка аддзел грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС вынес пастанову пра дэпартацыю Джамшыдыяна ў Іран. Ні адвакатку, ні самога Мерхдада загадзя пра разгляд ягонай справы не апавясцілі. Як заявіла ў судзе намесніца кіраўніка аддзела, адказны супрацоўнік «займаўся на службе справамі і не змог паведаміць». Прадстаўніца АГІМ у судзе заявіла, што ў Джамшыдыяна «няма падставаў хавацца ад сваёй дзяржавы». Пры гэтым намесніца кіраўніка падкрэсліла, што «нашымі кіраўнікамі робяцца спробы знайсці трэцюю краіну для высылкі, аднак за дзесяць месяцаў, цяжкіх і для нас, і для замежнага грамадзяніна, ні адна краіна пакуль не пагадзілася яго прыняць».

Пастанова ў скарзе Мерхдада пра ягоную дэпартацыю будзе абвешчаная ў судзе Маскоўскага раёна 15 красавіка ў 14.30.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках