28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч і Павал Севярынец выступілі ў Сейме Літвы

Мікола Статкевіч і Павал Севярынец выступілі ў Сейме Літвы
Мікола Статкевіч

У Камітэце міжнародных справаў прайшлі слуханні пра Беларусь.

У Камітэце міжнародных справаў Сейма Літвы прайшлі слуханні пра стасункі з Беларуссю і сітуацыю ў нашай краіне.

З Беларусі ад Сейма Літвы былі запрошаныя адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, старшыня партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч і сустаршыня аргкамітэта стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

Мікола Статкевіч апавёў сайту Charter97.org падрабязнасці візіту ў Вільню беларускіх апазіцыйных палітыкаў:

– Беларуская тэма выклікае вялікую цікавасць у дэпутатаў Сейма Літвы, прадстаўнікоў МЗС і літоўскіх СМІ.

У Літве чарговы раз змяняецца прэзідэнт краіны, які прызначае міністра замежных справаў, таму перад літоўскай палітыкай даволі востра стаіць пытанне, як будуць развівацца стасункі з Беларуссю: ці варта супрацоўнічаць з Лукашэнкам, ці не рабіць гэтага? Акрамя таго, літоўскіх палітыкаў хвалюе пытанне Беларускай АЭС, размешчанай за 50 кіламетраў ад Вільні.

Павал Севярынец падчас выступу ў Сейме Літвы апавёў пра знос беларускімі ўладамі крыжоў перад Вялікаднем і барацьбу за захаванне народнага мэмарыялу ў Курапатах, а таксама пра барацьбу актывістаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Я ў сваім выступе засяродзіўся на фальшывым стэрэатыпе заходніх палітыкаў пра тое, што Лукашэнка з'яўляецца "абаронцам беларускай незалежнасці".

Я паказаў літоўскім парламентарам, што Лукашэнка не абараняе незалежнасць Беларусі – ён змагаецца за расейскія датацыі, то-бок за пэўную форму залежнасці ад Расеі.

Усе мы ведаем, на прыкладзе краінаў, якія ўзніклі пасля распаду СССР, як трэба ўмацоўваць незалежнасць. У аснове гэтага ляжыць самадастатковая рэфармаваная эканоміка, прынцып грамадскага дыялогу ў палітыцы, патрыятычнае выхаванне грамадзянаў, інфармацыйная бяспека. Але Лукашэнка нічога з гэтага не робіць – ён робіць якраз наадварот. Ён проста хоча захаваць сваю ўладу.

Але на сваёй пасадзе Лукашэнка проста з'яўляецца фігурай Пуціна, і ягонае знаходжанне на гэтай пасадзе патрэбнае Крамлю для сваіх мэтаў. Пуцін у гэты момант з'яўляецца пажылым аўтарытарным палітыкам, папулярнасць якога імкліва падае. Малаверагодна, што ён зможа змяніць Канстытуцыю РФ, каб зноў застацца ва ўладзе: такі ход з боку страчвальнага папулярнасць састарэлага кіраўніка можа выклікаць пратэсты значнай часткі расейцаў.

А вось далучэнне чарговай тэрыторыі пройдзе для Пуціна на «ўра». І ён зможа аднавіць сваю папулярнасць у якасці лідара так званай «саюзнай дзяржавы».

Пагроза для Беларусі больш чым рэальная, але Лукашэнка нічога не робіць для абароны незалежнасці краіны. Ён проста спрабуе нешта выгандляваць для захавання свайго эканамічнага «калгасу», сваёй улады ў прымальным для яго аб'ёме.

Таксама я апавёў літоўскім парламентарам пра працу Беларускага нацыянальнага кангрэсу з мэтай узначаліць пратэставую 80-адсоткавую большасць беларусаў і прапанаваць ім патрыятычнае лідарства. Для гэтага мы будзем выкарыстоўваць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.

Я апавёў літоўскім палітыкам пра парушэнні правоў на ўдзел лідараў БНК у выбарах – маіх, Андрэя Саннікава, Генадзя Фядыніча.

У Літве павінны ведаць, што мы будзем змагацца за сваю краіну і яе незалежнасць. Мы вельмі ўдзячныя Літве за салідарнасць (на жаль, на афіцыйным узроўні, акрамя Літоўскай Рэспублікі, большасць краінаў ЕЗ яе не выяўляюць). Занадта многія пачынаюць дзіўныя гульні з дыктатарам.

Але Лукашэнка не з'яўляецца абаронцам беларускай незалежнасці. Ён і ёсць галоўная пагроза незалежнасці Беларусі.

– Ці пачулі Вашыя тэзісы літоўскія парламентары?

– Думаю, што пачулі. Жыгіс Павіленіс, які арганізаваў наш выступ у Сейме, падводзячы вынікі, сказаў, што наша пазіцыя зразумелая і з гэтай персонай (А. Лукашэнкам – рэд.) нельга мець справаў. А таксама дадаў, што трэба фармаваць міжнародную кааліцыю ў ЕЗ, каб змагацца супраць небяспечнай для Літвы атамнай станцыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках