29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як журналісты з праваабаронцамі шукалі ўдзельнікаў супрацькляшчовых мерапрыемстваў

Як журналісты з праваабаронцамі шукалі ўдзельнікаў супрацькляшчовых мерапрыемстваў
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Менавіта праз кляшчоў у Берасці забаранілі 15 мітынгаў супраць акумулятарнага завода.

Праз прыняцце захадаў супраць кляшчоў у Берасцейскім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў гарвыканкам забараніў 15 мітынгаў супраць запуску акумулятарнага завода. «Белсат» 14 траўня разам з заяўнікам акцый Раманам Кісляком адправіліся ў парк, каб паназіраць, як улады змагаюцца з кляшчамі.

Але спачатку мы патэлефанавалі ў арганізацыю, упаўнаважаную ў Берасці змагацца з гэтым небяспечным шкоднікам - дзяржаўная ўстанова «Берасцейскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» і папрасілі агучыць дэталі прыняцця мер супраць кляшчоў. На жаль, пра тое, што парк будуць апрацоўваць супраць кляшчоў з 13 да 17 траўня, у цэнтры нічога невядома. Але, як паведамілі супрацоўнікі, пастаянны цэнтр праводзіць маніторынг сітуацыі з кляшчамі.

У МЕРКАВАНЫ ЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ МІТЫНГУ Ў ПАРКУ ЦІШЫНЯ І СПАКОЙ, НІЯКІХ СУПРАЦЬКЛЯШЧОВЫХ ЗАХАДАЎ НЕ ЗАЎВАЖАНА. ФОТА: «БЕЛСАТ»

Тады на пошукі «аперацыі супраць кляшчоў» мы адправіліся ў парк самі: апыталі дзясяткі людзей, але так і не змаглі знайсці хоць бы аднаго чалавека, які бачыў ці чуў пра гэта.

У МЕРКАВАНЫ ЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ МІТЫНГУ Ў ПАРКУ ЦІША І СПАКОЙ, НІЯКІХ СУПРАЦЬКЛЯШЧОВЫХ ЗАХАДАЎ НЕ ЗАЎВАЖАНА. ФОТА: «БЕЛСАТ»

– Мы пабачылі зараз, што гэта чарговая хлусня з боку ўладаў, яны нас проста падманваюць і прыдумляюць розныя мерапрыемствы, нават тыя, што не праводзяцца, каб не даць нам арганізаваць акцыі супраць акумулятарнага заводу. Цяпер мы будзем звяртацца ў Берасцейскі аблвыканкам і ў суд. Заўважу, што мы падаем заяўкі на правядзенне мітынгаў у тым ліку таму, каб паказаць, што ўлады ідуць на ўсё, каб не даць нам сабрацца, – сказаў Раман Кісляк «Белсату».

РАМАН КІСЛЯК КАМЕНТУЕ ЗАБАРОНУ МІТЫНГУ. ФОТА: «БЕЛСАТ»

Нагадаем, берасцейскія актывісты звярнуліся да ўладаў з просьбай дазволіць ім правесці з 13 па 17 траўня 15 мітынгаў на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, але намеснік старшыні Берасцейскага гарвыканкаму Вадзім Краўчук забараніў іх, бо ў гэты час у парку быццам бы пройдуць захады супраць кляшчоў.

АДКАЗ БЕРАСЦЕЙСКАГА ГАРАДСКОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТУ НА ЗАПЫТ АБ ПРАВЯДЗЕННІ МІТЫНГУ. ФОТА: «БЕЛСАТ»

Са студзеня мінулага года актывісты падалі больш за сотню заявак на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне акцыяў пратэсту. Улады санкцыянавалі толькі адзін мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» у красавіку 2018-га. Тады ў парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшло каля дзвюх тысячаў чалавек.

ДАЗВОЛЕНАЯ ПЛЯЦОЎКА ДЛЯ ПІКЕТАВАННЯ Ў ПАРКУ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ. ФОТА: «БЕЛСАТ»

Больш за год берасцейцы пратэстуюць супраць запуску акумулятарнага заводу «iPower» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Пратэстоўцы сцвярджаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне. Завод не атрымаў дазвол на працу, але ёсць ускосныя сведчанні, што ён працуе нелегальна. Як нам стала вядома, да канца траўня на заводзе будзе працаваць чарговая прыёмачная камісія, ужо трэцяя па ліку.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках