28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працы беларускай мастачкі тры дні дэманстравацьмуць у Луўры

2
Працы беларускай мастачкі тры дні дэманстравацьмуць у Луўры

Работы беларускі будуць выстаўленыя ў Луўры з 24 да 26 траўня.

У гэтыя выхадныя ў Луўры будзе праходзіць прадстаўнічы міжнародны праект Art Shopping. У адным з самых знакамітых музеяў свету будуць выстаўленыя работы маладых мастакоў з розных краін, іх будуць ацэньваць арт-крытыкі, патэнцыйныя пакупнікі і звычайныя наведвальнікі. Змогуць яны паглядзець і на карціны беларускай мастачкі Юліі Патоцкай, якая цяпер жыве ў Францыі. «Онлайнер» паказвае яе працы і распавядае, як яна трапіла ў Луўр.

Юлія нарадзілася ў Баранавічах, паступіла на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ і пераехала ў Менск. Там дзяўчына пражыла да 27 гадоў, а затым адправілася ў Францыю.

- Мой пераезд быў звязаны з пошукам чагосьці новага: мне захацелася чагосьці больш пра ідэі і менш пра руціну. Я паступіла другім разам у магістратуру, якая спалучала мастацтва, навуку і тэхнічныя навыкі, - распавядае мастачка. - Наогул, у маім жыцці шмат крэатыву, бо тыя заняткі, якія прыносяць мне грошы, і тыя, што прыносяць задавальненні, звязаныя менавіта з ідэямі і творчасцю. Цяпер я працую research-інжынерам у галіне кампутарнай графікі і кампутарнага гледжання, займаюся машынным навучаннем. Але ў пэўным сэнсе мастацтва ўжо пачынае даваць пэўны плён і ісці да мяне насустрач.

Выяўленчым мастацтвам Юлія цікавіцца з дзяцінства, але больш сур'ёзна пачала гэтым займацца ў 18 гадоў і з тых часоў практыкуе розныя формы візуальнага мастацтва: алей, акрыл, змешаныя тэхнікі.

- Думаю, што ў Францыі больш жывое і адкрытае арт-кам'юніці. Вядома, усюды ёсць арт-школа, якая прызнае выключна акадэмічнае мастацтва і не гатовая весці дыялог з кімсьці звонку. Але ў Францыі ставяцца больш лаяльна да твайго прафесійнага мінулага і сучаснасці: тут глядзяць на жыццёвую матывацыю і твой узровень тут і цяпер, - распавядае Юлія. - Я стукаюся ва ўсе дзверы і актыўна займаюся пошукам свайго арт-калектыву, мастакоў, з якімі можна рабіць супольныя праекты. У пачатку года я ўдзельнічала ў выставе ў партугальскай Каімбры, на якую з'ехаліся мастакі з 50 краін. Як я туды трапіла? Падала заяўку і трапіла ў лік мастакоў, якіх запрасілі паўдзельнічаць.

Я б сказала, што шукаць такія праекты - праца складаная. Людзі з паўнавартаснай акадэмічнай адукацыяй могуць атрымліваць падтрымку супольнасці, выкладчыкаў, а ў адваротным выпадку - усё выключна ў тваіх руках, таму даводзіцца складана. Трэба шмат працаваць, падавацца на конкурсы. Яны бываюць розныя, і часам трапляецца нешта слушнае, калі людзі сапраўды матываваныя зрабіць нешта вартае.

На Art Shopping у Луўры працы Юліі будуць прадэманстраваныя ў секцыі «Міжнародны сюррэалізм цяпер». Адна з іх - To the bones - звязаная з беларускай гісторыяй. Для працы над гэтай карцінай былі выкарыстаныя манеты Вялікага Княства Літоўскага XVII стагоддзя.

Працы Юліі будуць выстаўленыя ў Луўры з 24 да 26 траўня. Затым мастачка плануе зрабіць персанальную выставу ў Францыі і шукае для яе прыдатную пляцоўку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках