ЗША заявілі пра новую хімічную атаку ў Сірыі
5- 22.05.2019, 17:42
- 10,916
Дзярждэпартамент заявіў, што ЗША і іх хаўруснікі гатовыя адрэагаваць на выкарыстанне хімічнай зброі «хутка і адэкватна».
ЗША заявілі, што, з наяўных прыкмет, рэжым Башара Асада ў Сірыі, магчыма, зноў ужывае хімічную зброю, і заклікалі сірыйскія ўлады адмовіцца ад гэтага, паведамляе «Голас Амерыкі».
Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што, на ягоную думку, за меркаванай атакай з выкарыстаннем хлору, якая адбылася ў нядзелю на паўночным захадзе Сірыі, стаяць сірыйскія войскі.
Прадстаўніца Дзярждэпартамента заявіла, што афіцыйныя асобы прадаўжаюць збіраць інфармацыю аб меркаванай атацы, але пры гэтым адзначыла: «Калі рэжым Асада ўжыве хімічную зброю, то ЗША і нашы хаўруснікі адрэагуюць хутка і адэкватна».
Паводле яе слоў, такая атака можа стаць часткай агрэсіўнай кампаніі, якая парушае рэжым спынення агню, які абараняе мільёны мірных жыхароў у раёне Ідлібу.
ЗША заявілі, што Сірыя і яе расейскія хаўруснікі не раз ускладалі віну за хімічныя атакі на паўстанцаў.
«Факты відавочныя: рэжым Асада ажыццявіў амаль усе верыфікаваныя атакі з выкарыстаннем хімічнай зброі, якія адбыліся ў Сірыі... Вінаватасць рэжыму Асада ў жудасных хімічных атаках не выклікае сумненняў», - заявіла прадстаўніца Дзярждэпартамента.
Сірыя пакуль ніяк не пракаментавала абвінавачванні ЗША.
Адміністрацыя Дональда Трампа двойчы наносіла бомбавыя ўдары па Сірыі ў сувязі з меркаваным выкарыстаннем хімічнай зброі рэжымам Асада - у красавіку 2017 і красавіку 2018 года.
У верасні высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік заявіў, што, адпаведна з наяўнымі звесткамі, сірыйскія ўрадавыя войскі рыхтуюцца ужыць хімічную зброю ў Ідлібе - апошняй буйной апоры паўстанцаў у краіне.
«Нельга дапусціць, каб рэжым Асада зноў ужыў хімічную зброю ў Сірыі», - заявіў прадстаўнік Пентагона Шон Робэртсан.
«Не павінна быць ніякіх сумненняў у нашай рашучасці дзейнічаць энэргічна і хутка, калі рэжым Асада зноў ужыве гэтую зброю», - дадаў ён.
Тым часам, сотні чальцоў Кангрэса ЗША падпісалі ліст прэзідэнту Дональду Трампу, у якім заявілі, што ЗША не павінны выходзіць з канфлікту ў Сірыі, і выказалі «глыбокую занепакоенасць» дзейнасцю экстрэмісцкіх груповак у гэтай краіне.
«Улічваючы, што некаторым з нашых найбліжэйшых хаўруснікаў у рэгіёне пагражаюць, амерыканскае лідарства і падтрымка як ніколі важныя», - гаворыцца ў лісце, падпісаным прыкладна 400 з 535 кангрэсменаў і сенатараў.
Шматлікія амерыканскія заканадаўцы, як рэспубліканцы, так і дэмакраты, выказваюць глыбокую занепакоенасць палітыкай у дачыненні да Сірыі са снежня, калі нечаканая пастанова Трампа вывесці з Сірыі ўсіх амерыканскіх вайскоўцаў, 2 тысячы чалавек, прывяла ў замяшанне ягоную каманду ў нацыянальнай бяспецы і хаўруснікаў ЗША.
У лютым Трамп адступіў ад першапачатковай пастановы, пагадзіўшыся на невялікую амерыканскую прысутнасць у Сірыі, каб захоўваць ціск на «Ісламскую дзяржаву» ў будучы вельмі важны перыяд стабілізацыі ў гэтай краіне, як характарызуюць яго амерыканскія вайскоўцы.
Вядучымі падпісантамі ліста сталі старшыня Камітэта Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах дэмакрат Эліёт Энгель і старэйшы рэспубліканец у камітэце Майк МакКол, а таксама рэспубліканскі старшыня і старэйшы дэмакрат Камітэта Сената ў міжнародных дачыненнях Джым Рыш і Боб Менендэс.
Аўтары ліста, напрыклад, заклікаюць Трампа ўзмацніць ціск на Іран і Расею, у тым што тычыцца іх дзейнасці ў Сірыі, а таксама на шыіцкі рух «Хезбала», які з'яўляецца ліванскім хаўруснікам Ірана.