29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: «Белнафтахім» патрабуе ад «Раснафты» $155 мільёнаў кампенсацыі

7
«Коммерсант»: «Белнафтахім» патрабуе ад «Раснафты» $155 мільёнаў кампенсацыі
Фота: ТАСС

У канцэрне ацанілі шкоду ад «бруднай» нафты.

«Белнафтахім» выставіў прэтэнзіі «Раснафце» за забруджаную нафту сумай 155 млн даляраў. Пра гэта паведамляе расейскае выданне «Коммерсант».

Як піша выданне са спасылкай на крыніцу, такія сумы ўтрымліваюцца ў лісце, які кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын напісаў віцэ-прэм'еру Дзмітрыю Козаку. Сечын просіць паскорыць прыняцце пастаноў аб кампенсацыі страт расейскіх вытворцаў ад «бруднай» нафты, якая трапіла ў нафтаправод «Дружба».

У лісце Сечын паведамляе, што беларускі Мазырскі НПЗ хоча ад кампаніі кампенсацыі страт ад паставак забруджанай нафты на $155 млн.

Мазырскі НПЗ абгрунтаваў іх тым, што з 443 тысяч тон нафты коштам $185 млн, якія «Раснафта» паставіла на завод у красавіку, 370 тысяч тон забруджанай нафты, кошт якой беларускі бок лічыць як нулявы.

Адпаведна, НПЗ просіць «Раснафту» «у добраахвотным парадку» вярнуць пераплаты на $155 млн. Беларускі бок выказвае гатоўнасць судзіцца ў Арбітражным судзе Масквы, але выступае за развязанне пытання «са шматгадовымі бізнэс партнёрамі» «выключна ў пазасудовым парадку», піша «Коммерсант». Выданне паведамляе, што ліст з прэтэнзіямі Мазырскага НПЗ ёсць у рэдакцыі. У ім беларуская старана паказвае, што таксама гатова разгледзець пытанне аб суразмерным зніжэнні кошту няякаснай нафты.

Між тым экспэрты выдання кажуць, «што шкоды ад паставак забруджанай нафты на Мазыр на гэты дзень у прынцыпе няма».

- Рэч у тым, што, паводле дамоўленасці Масквы і Менска, уся забруджаная нафту з тэрыторыі Беларусі будзе вернута ў Расію. Узамен - што пацвердзіў у інтэрв'ю Reuters 10 чэрвеня намеснік кіраўніка Мінэнэрга Павел Сарокін - у Беларусь будзе пастаўлена чыстая нафта.

Гэтыя прэтэнзіі былі перанакіраваныя ў «Транснафта», але, як адзначыў Ігар Сечын, кампанія не пацвердзіла, што гатова іх задаволіць. Між тым, гаворыцца ў лісце, замежныя спажыўцы ўжо шукаюць на рынку замену расейскай нафце, а таксама набіраюць юрыстаў для выстаўлення судовых прэтэнзій.

Справа «пра брудную нафту»

19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «значнае пагаршэнні» якасці расійскага гатунку Urals, які паступае транзітам па нафтаправодзе «Дружба». У расейскай трубаправоднай манаполіі прызналі наяўнасць праблем.

22 красавіка на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе заявілі, што няякасная расейская сыравіна прывяло да выхаду з ладу дарагога абсталявання, піша tut.by.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што шкода праз пашкоджанне абсталявання на Мазырскім НПЗ, паводле папярэдніх падлікаў, склала блізу 30 млн даляраў.

15 траўня міністр энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе, з ягонай асабістай ацэнкі, можа скласці не больш за 100 млн даляраў. Шкода Беларусі ад праблем з якасцю расейскай нафты можа скласці ад 271,3 млн даляраў да 435,3 млн даляраў, падлічылі «Ведомости» зыходзячы са звестак.

7 чэрвеня, наведваючы «Нафтан», Лукашэнка адзначыў, што шэраг міжнародных кампаній выстаўляюць Расеі шкоду на суму да 800 млн даляраў. «Але мы больш за ўсё пацярпелі. А нам кажуць: ну, што там, беларусы, - яны нічога не страцілі. Як так?! Таму трэба сачыць і глядзець, чаму яны, напрыклад, плацяць 800 млн даляраў шкоды, а мы больш за ўсіх пацярпелі, а нам 20 млн», - сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, сума кампенсацыі шкоды ад паставак «бруднай» нафты абмяркоўваецца паміж Расеяй і Беларуссю ўжо амаль месяц. Аднак канкрэтныя сумы пакуль так і не былі агучаны.

«Мы не спяшаемся шкоду вызначаць. Першапачаткова называліся лічбы, якія нічога агульнага з рэальнасцю не маюць», - заявіў у эфіры «Расея 24» віцэ-прэм'ер Расеі Дзмітрый Козак. Ён таксама запэўніў, што расейская старана палічыць усё «па-чэснаму» і кампенсуе ўсю «рэальную шкоду».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках