У Менск прыляцела дэлегацыя Кангрэса ЗША
17- 13.08.2019, 20:00
- 20,817
Узначальвае яе сябра Палаты прадстаўнікоў Майк Куіглі.
Дэлегацыя Кангрэса ЗША прыляцела ў Менск з двухдзённым візітам. Узначальвае яе сябра Палаты прадстаўнікоў Майк Куіглі, паведамляе пасольства ЗША ў Менску.
Як адзначаюць у пасольстве, гэта першы візіт кангрэсмена Куіглі ў Беларусь.
«Дэлегацыя сустрэнецца з беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб абмеркаваць двухбаковыя стасункі ЗША і Беларусі і падкрэсліць прыхільнасць ЗША падтрымцы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі», - гаворыцца ў паведамленні дыпмісіі.
Раней літоўскі партал Diena.lt са спасылкай на балтыйскае інфармацыйнае агенцтва BNS паведаміў, што амерыканская дэлегацыя на чале з Куіглі наведала Вільню, дзе сустрэлася з міністрам замежных спраў Лінас Лінкявічус. Як піша Diena.lt, да кангрэсмена давялі, што Літва ўважае за пагрозу нацыянальнай бяспецы БелАЭС, што будуецца недалёка ад дзяржаўнай мяжы і сталіцы краіны.
Дарэчы, гэта не першы візіт афіцыйнага прадстаўніка ЗША ў Менск сёлета. У сакавіку і ліпені Беларусь наведаў намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Джордж Кент. Чыноўнік адзначаў, што візіты прадстаўнікоў ЗША ў Беларусь будуць адбывацца рэгулярна, «як гэта мае месца ў нармальных стасункаў ЗША з іншымі краінамі».