20 красавiка 2024, Субота, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Воршы РЭП змагаецца з «езуіцкім прыёмам» улад

У Воршы РЭП змагаецца з «езуіцкім прыёмам» улад

Улады павялі сябе, як Юдушка Галаўлёў.

Аршанскі райвыканкам адмовіў у пастаноўцы на ўлік Аршанскай раённай першаснай арганізацыі Беларускага прафзвязу РЭП. Нагода - ААТ «Экамол» адклікала гарантыйны ліст на наданне юрыдычнага адрасу арганізацыі, без якога пастаноўка на ўлік немагчымая.

Што ж адбылося напраўду? Чаму ААТ «Экомол» адклікала гарантыйны ліст на юрыдычны адрас?

- У Аршанскім райвыканкаме, здаючы дакументы для пастаноўкі на ўлік раённай прафарганізацыі, я папярэдзіў, каб на людзей не ціснулі. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Калачоў абяцаў не ціснуць на сябраў прафзвязу. І сапраўды: ніякага ціску не чынілася: пазней я ўсіх абтэлефанаваў - ні да каго не чапіліся, персанальна не чапалі, - расказаў praca-by.info кіраўнік прафарганізацыі Васіль Бераснеў.

- Але выкарыстоўвалі іншы езуіцкі метад: прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама выйшлі на Магілёўскі аблвыканкам (галаўная кантора СЗАТ «Сэрвалюкс», чыёй структурнай філіяй з'яўляецца «Экамол», што знаходзіцца ў Магілёве - рэдакцыя) і пачалі прамываць мазгі ўладальніку прыватнага прадпрыемства «Экамол», якое дало нам юрыдычны адрас. На яго націснулі. Ён затэлефанаваў мне і спытаў: што рабіць у сітуацыі, якая склалася? Я не захацеў ствараць праблемы прадпрыемству, таму мы разам наважылі зняць пытанне з юрыдычным адрасам.

Разам з тым, як кажа актывіст, Аршанская прафарганізацыя не адмаўляецца ад сваіх планаў стаць на ўлік:

-Мы шукаем новы юрыдычны адрас, пагатоў Аршанскі райвыканкам гатовы вярнуцца да разгляду пытання пасля «дастасавання дакументаў». Павялі сябе як Юдушка Галаўлёў: мы вам напаскудзім - і тут жа ласкава папросім прабачэння.

Васіль Бераснеў і сябры прафзвязу цвёрдаа настроеныя дамагчыся пастаноўкі прафарганізацыі на ўлік:

- Учора я зноў казаў намесніку старшыні выканкама: паспрабуйце яшчэ раз нам адмовіць, і тады проста развяжаце нам рукі. Калі цяпер мы яшчэ можам дамаўляцца і кантактаваць з уладамі ў некаторых пытаннях, то, не ставячы нас на ўлік, вы ігнаруеце самую вялікую прафарганізацыю рэгіёну. Калі вы ставіце нас па-за законам, ці можам мы з вамі супрацоўнічаць? - задае рытарычнае пытанне Васіль Бераснеў.

Інфармацыя аб нерэгістрацыі Аршанскай раённай арганізацыі прафзвязу РЭП ужо накіраваная ў Жэневу, у штаб-кватэру МАП.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках