18 красавiка 2024, Чацвер, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падышла бабуля і сказала, што Лукашэнка - усё»

28
«Падышла бабуля і сказала, што Лукашэнка - усё»

Новы дзень, новыя людзі і новыя гісторыі са збору подпісаў.

Пачаўся дзень з таго, што я наважыўся адзін пайсці па кватэрах, з раніцы да пікету для збору подпісаў на Нямізе было некалькі вольных гадзін. Потым быў пікет збору подпісаў насупраць Макдональдса ў Раманаўскай Слабадзе.

Часта падыходзілі людзі розных узростаў, рабілі фота са сцягамі, са мной і з маім памочнікам Юрам, задавалі пытанні, дзяліліся з намі думкамі і гісторыямі.

Падышла бабуля, сказала што яна занадта старая, што забылася пашпарт, але вельмі хоча паставіць подпіс, бо жыць стала невыносна. Сказала, што ўпэўненая ў тым, што Лукашэнка ўжо ўсё, хутка яму канец, бо не можа ж так быць, каб яна памерла і не пабачыла, чым усё скончыцца. Распавяла, што на лекі зусім бракуе, што «гэты прыдурак увесь народ у сэканд-хэнд апрануў», што давялося здужаць інтэрнэт, каб можна было чытаць нармальныя навіны - «Хартыю», «Народную волю».

Цікавая бабулька, шчыра зычу ёй, каб яе жаданне ўбачыць скон рэжыму споўнілася.

Адзін раз падышла дзяўчына майго ўзросту, сказала, што вывучае кандыдатаў, але не ведала, што ад апазіцыі ў нашай акрузе таксама ёсць. Распавёў сцісла аб нашых мэтах і планах - сказала, што пад'едзе на наступны пікет з пашпартам.

Увечары пасля пікетаў зноў пайшлі па кватэрах, падымаемся на дзявяты паверх, адкрывае дзверы хлопец гадоў 20.

Я кажу :

- Не жадаеце паўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Збіраем подпісы за кандыдата ад «Еўрапейскай Беларусі»

- Не, мяне палітыка не тычыцца.

- Ну, ок, не тычыцца, добра. Чакайце, калі закране.

- А як вы да службы ў войску ставіцеся?

- Да службы - станоўча, да закона аб адтэрміноўцы адмоўна.

- Вось я акурат патрапіў пад гэтае трызненне... Дзе подпіс ставіць?

- А кажаце, што палітыка вас не тычыцца!

Не ўсе разумеюць, што палітыка тычыцца ўсіх без выключэнняў, проста пункты дотыку не заўсёды адчувальныя і бачныя адразу, але, на жаль, у Беларусі - амаль заўсёды хваравітыя ў той ці іншай ступені.

Калі мы ўсе будзем удзельнічаць актыўна у палітычным жыцці краіны, тады і пастановы за нас прымаць не будзе жменька спрытных цынікаў, тады і жыць будзем лепш, нашмат лепш.

Андрэй Войніч, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», «Фэйсбук»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках