29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пішуць «эканамічная інтэграцыя» — маюць на ўвазе «палітычная залежнасьць»

3
Пішуць «эканамічная інтэграцыя» — маюць на ўвазе «палітычная залежнасьць»
Валер Карбалевіч

І каму гэта трэба?

Публікацыя добра інфармаванай газэты «Коммерсантъ» трохі больш праясьніла, што за дакумэнты падпісалі прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі 6 верасьня. Хоць і асаблівай сэнсацыяй гэта не выглядае. Ужо шмат месяцаў афіцыйныя асобы дзьвюх краін цьвердзяць пра падрыхтоўку праграмы, якая прадугледжвае ўніфікацыю эканамічнага заканадаўства і эканамічнай палітыкі Беларусі і Расеі. Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас сфармуляваў мадэль так: дзьве дзяржавы, адна эканоміка.

Важна адзначыць, што гэта ня ёсьць рэалізацыя дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 1999 году, бо ў тым дакумэнце прадугледжвалася стварэньне наднацыянальных органаў улады. А паводле «Коммерсанта», у распрацаванай праграме інтэграцыі такіх органаў няма.

Тады ўзьнікае лягічнае пытаньне: у чым сэнс падобнай канструкцыі? Дзеля чаго яна патрэбная?

Пасьля таго як Дзьмітрый Мядзьведеў у сьнежні мінулага году ў Берасьці агучыў плян «прымушэньня да інтэграцыі», большасьць экспэртаў прыйшлі да высновы, што з дапамогай Саюзнай дзяржавы Пуцін хацеў бы працягнуць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пасьля 2024 году. Але той рэдукаваны варыянт інтэграцыі, які ў выніку атрымаўся, не дае кіраўніку Расеі ніякіх выгодаў. Тады навошта ён патрэбен Крамлю ў такім выглядзе?

Тут могуць быць два адказы. Па-першае, заявіць цяпер, што ў такім варыянце нам інтэграцыя не патрэбная, трохі нязручная. Самі ж прысьпешвалі, а цяпер у кусты?

Па-другое, канструкцыя, якая ствараецца цяпер, мае сэнс як пераходная мадэль, як ступень да больш шчыльнай інтэграцыі ў пэрспэктыве. Бо калі гэты праект рэалізуецца ў тым выглядзе, як прадугледжваецца, то Беларусь акажацца моцна прывязанай да Расеі, у Масквы зьявяцца моцныя рычагі ўплыву. Тады будзе лягчэй прымусіць Менск да наступнага кроку, напрыклад, да пераходу да адзінай валюты (то бок, расейскага рубля). А там ужо адзін крок да адзіных органаў улады, бо ня можа быць валютнай інтэграцыі без адзінага цэнтрабанку. І так да поўнага аб’яднаньня.

А навошта гэта Беларусі? У кіраўніцтва краіны існуе надзея, што беларуская прадукцыя атрымае льготныя ўмовы для доступу на расейскі рынак, доступу да расейскіх дзяржзаказаў. Як на мой погляд, надзеі ў значнай ступені ілюзорныя. Бо доступ на рынак РФ у большай ступені залежыць ад здольнасьці канкураваць з расейскай (і кітайскай) прадукцыяй, чым ад ільготаў.

Таксама існуе разьлік, што з дапамогай гэтай праграмы Беларусь зможа атрымаць унутрырасейскія цэны на газ і нафту раней за 2025 год (гэты год пазначаны ў дакумэнтах ЭАЭС як момант пераходу да агульнага рынку энэргарэсурсаў). Але ў падпісаных прэм’ерамі дакумэнтах цьмяна гаворыцца толькі пра стварэньне «адзінага рэгулятара» рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў і электраэнэргіі.

І галоўнае. Менск разьлічвае, што як толькі Пуцін з Лукашэнкам падпішуць гэтыя дакумэнты, то Расея адновіць субсыдыяваньне беларускай эканомікі. Фактычна гэта сказаў Лукашэнка, прымаючы 16 верасьня старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрыя Сянько. Згадваючы пра падатковы манэўр у Расеі, кіраўнік Беларусі адзначыў: «Думаю, у найбліжэйшы час нам, зацьвярджаючы праграму сумесных дзеяньняў, давядзецца вярнуцца і да гэтага пытаньня». То бок, перакладаючы на зразумелую мову, Лукашэнка сказаў, што бязь цьвёрдых абавязаньняў Масквы па кампэнсацыі падатковага манэўра і вяртаньня іншых ільготаў (па газу, па крэдытах) ён гэтыя дакумэнты не падпіша.

І ўвогуле, як толькі дойдзе да канкрэтыкі, да практычнай рэалізацыі гэтага праекту ўніфікацыі эканамічнай палітыкі, пачнуцца бясконцыя спрэчкі. Бо ў Беларусі і Расеі вельмі розныя эканамічныя сыстэмы, з розным маштабам, структурай, мадэльлю гаспадараньня. Іх цяжка, нават шкодна прыводзіць да адной роўніцы. Напрыклад, у Беларусі і Расеі розныя крыніцы напаўненьня бюджэту. І ўніфікацыя падатковага, мытнага заканадаўства адразу створыць праблемы. Прычым перш за ўсё Беларусі, як значна меншай краіне.

Але нават калі ўявіць, што ўсё пройдзе паводле пляну, бакі сапраўды рэалізуюць канструкт «дзьве дзяржавы, адна эканоміка», то ў выніку Беларусь моцна страціць. Бо ўніфікацыя заканадаўства і эканамічнай палітыкі будзе ісьці ў асноўным па расейскіх правілах. Цяжка ўявіць, што Расея будзе падстройвацца пад Беларусь. Давядзецца падпарадкоўваць свае інтарэсы інтарэсам суседа. Зруйнуюцца бар’еры на шляху пранікненьня сюды драпежнага расейскага капіталу з усімі нэгатыўнымі наступствамі для беларускага бізнэсу.

Калі гадоў 15–20 таму можна было разважаць, што такая ўніфікацыя стане спосабам прымусу да правядзеньня рынкавых рэформаў у Беларусі, то цяпер і гэтага няма. Расейская эканоміка хутка абдзяржаўліваецца і ўжо ня можа служыць прыкладам рынкавай эканомікі.

Самае галоўнае, узрасьце эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі. Што моцна зьвяжа рукі афіцыйнаму Менску ў правядзеньні незалежнай замежнай палітыкі, рэзка абмяжуе памкненьні да нэўтралітэту, статусу міратворцы, разбурыць стратэгію замежнаэканамічнай дывэрсыфікацыі, зробіць краіну ўразьлівай да любога ціску з Масквы. І каму гэта трэба?

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках