28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ дзве беларускі звярнуліся ў ААН

7
Яшчэ дзве беларускі звярнуліся ў ААН

Важна падымаць праблемы, якія існуюць у Беларусі, на міжнародным узроўні.

24 студзеня Камітэт ААН правоў чалавека зарэгістраваў скаргі гомельскіх актывістак Таццяны Насковай і Алы Раманчык. Пра гэта сёння афіцыйным лістом апавешчаны іх прадстаўнік, праваабаронца Леанід Судаленка, які вядзе справы жанчын на міжнародным узроўні, паведамляе «Гомельская вясна».

У 2018 годзе актывістка са Светлагорску Таццяна Наскова тройчы звярталася ў райвыканкам за дазволамі на правядзенне ў горадзе мітынгаў пратэсту супраць будаўніцтва ў межах горада завода беленай цэлюлозы, у значнай ступені пагаршае экалагічную абстаноўку ў горадзе.

Мясцовыя чыноўнікі ва ўсіх выпадках адмовілі, бо ў адзіным дазволеным для сходаў месцы на стадыёне «Бумажнік» паводле іх версіі раней былі запланаваныя іншыя мерапрыемствы. Правядзенне некалькіх мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы забараняе нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах.

Актывістка з Гомелю Ала Раманчык у 2018 годзе звярталася ў Жлобінскі і Веткаўскі райвыканкамы па дазвол на правядзенне ў названых райцэнтрах пікетаў супраць умяшання дзяржавы ва ўнутраныя справы Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і з патрабаваннем спынення крымінальнага пераследу лідараў прафзвязу Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік. Мясцовыя чыноўнікі яе актыўнасці спалохаліся і абодва мерапрыемствы забаранілі, пасля чаго жанчына звярнулася ў суды.

Беларуская Феміда, уключаючы Вярхоўны суд, паўсюдна падтрымала чыноўнікаў. Прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, актывісткі ў абодвух выпадках падалі індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН правоў чалавека, якія сёння прынятыя да разгляду.

Праваабаронца Леанід Судаленка ўважае, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе, а прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці павінны паказваць чыноўнікам, што мірныя сходы і выказванне сваіх меркаванняў, гэта не тое, на што трэба пытаць дазвол у дзяржавы.

«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых асоб, з'яўляюцца абсалютнымі, нашы ж чыноўнікі ўважаюць, што могуць усталёўваць іншыя правілы. Калі на гэтыя рэчы не звяртаць увагі, заўтра ў нас могуць з'явіцца свае правілы гульні ў хакей ці скажам у шахматы», - падкрэслівае экспэрт.

Леанід Судаленка адзначыў, што пасля рэгістрацыі тэрмін разгляду скаргаў у Камітэце ААН правоў чалавека складае ад 3-х да 5-ці гадоў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках