28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«На маёй медкарце стаіць адзнака - чорны трохкутнік»

45
«На маёй медкарце стаіць адзнака - чорны трохкутнік»

Як дзяржава загнала маладога хлопца ў кабалу.

У беларускім заканадаўстве ёсць адмысловая катэгорыя людзей — «абавязаныя асобы». Гэта тыя, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, а іх дзяцей аддалі на дзяржаўнае забеспячэнне - у інтэрнат або дзіцячы дом. Але ўтрымліваюць гэтых дзяцей фактычна за кошт былых бацькоў - адымаюць з іх заробку мінімум палову. Антон К. з горада Магілёва - адзін з такіх людзей. Ён распавёў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сваю гісторыю, з якой зразумела, што Антон - не безнадзейны маргінал, ён спрабаваў падняцца з дна - зарабіць грошы, разлічыцца з абавязкамі і жыць нармальным жыццём, але не змог, бо беларуская дзяржаўная сістэма працуе супраць такіх людзей, як ён.

«Папрасіў 2 дні за свой кошт, каб зарабіць на хлеб, - атрымаў 15 дзён»

Мужчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, і цяпер кожны месяц з заробку вылічваюць 300 беларускіх рублёў на ўтрыманне ягонага дзіцяці дзяржавай. Пры гэтым працаваць Антону прапануюць толькі на дзяржаўным прадпрыемстве, а калі заробку бракуе, каб кампенсаваць выдаткі на дзіця — расце абавязак.

- Запазычанасць назапашваецца, і далей вылічваецца ўжо не 300 рублёў з заробку, а 70%. На жыццё застаецца менш за 100 рублёў. А калі ўлічваць суму квартплата, аплаты харчавання, то на жыццё не застаецца фактычна нічога. Можна сказаць, што большая частка абавязаных асоб жыве надгаладзь.

Калі не выходзіш на працу цягам нават аднаго дня, то ўчастковыя могуць скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе артыкула 9.27 КоАП, а калі прагулаў набярэцца 10 і больш цягам трох месяцаў — то абавязаныя асобы адбываюць крымінальнае пакаранне на падставе артыкула 174 КК і могуць быць пазбаўленыя волі на тэрмін да аднаго года.

Антон удакладняе, што ў Беларусі суд не разглядае адміністрацыйныя справы на падставе арт.9.27 КоАП, а пастанову прымае начальнік РУУС. І практычна ва ўсіх выпадках абавязаныя асобы трапляюць пад арышт, хоць у КоАП прадугледжаны і штраф да дзвюх базавых адзінак.

«Вось я таксама нядаўна трапіў - гэта было маё першае парушэнне паводле артыкула 9.27. Я працаваў на заводзе, і заробак пасля адлічэнняў быў меншы за 100 рублёў. Я прыходзіў да банкамата, глядзеў, колькі я зарабіў за месяц, і ўсведамляў, што з такімі грашыма я проста не пражыву».

Антон пачаў шукаць падпрацоўку ў інтэрнэце. Аднойчы яму трэба было на два дні адлучыцца з працы на заводзе, каб зарабіць хаця б сабе на хлеб. Мужчына прыйшоў у аддзел кадраў і папрасіў два дні за свой кошт без захавання заробку, але яму адмовілі.

«Пад'ехаў чалавек, з якім я працаваў, я сабраўся і паехаў. Заяву я пакінуў у аддзеле кадраў. Пасля таго, як я зрабіў сваю працу, зноў выйшаў на завод. На прахадной мяне чакаў участковы, і за два дні «прагулу» мне далі 15 дзён арышту, за якія потым налічылі 150 рублёў».

Пры гэтым Антон сцвярджае, што пасля таго, як ён прабыў у камеры РУУС блізу пяці гадзін, яму паказалі ўжо надрукаваны пратакол, ніхто яго не апытваў, паказанняў не браў, нават не размаўляў з ім.

«Мне патлумачылі, што я павінен проста распісацца, што нібыта з пратаколам азнаёміўся. Сказалі, будзеш падпісваць ці не будзеш - усё адно ўжо прызначаны арышт. Падчас арышту сядзіш увесь час у камеры, а потым пасля выхаду за ўтрыманне там плаціш грошы, якіх у абавязаных асоб і так няма».

Дарэчы сказаць - адпачынак у абавязаных асоб складае ўсяго сем дзён на год.

«Дзяржаве, мабыць, выгадна заганяць людзей у такую кабалу»

Знаёмы Антона прапанаваў папрацаваць у Расеі. Мужчына пагадзіўся і на два гады з'ехаў на заробкі ў суседнюю краіну. Пасля таго, як вярнуўся, яго асудзілі на год пазбаўлення волі паводле артыкула 174 КК.

У калоніі таксама трэба было працаваць. За год пазбаўлення волі запазычанасць Антона перад дзяржавай павялічыўся.

«Калонія не можа даць годнай працы, і кожны год, праведзены там, павялічвае запазычанасць як мінімум на 3 300 рублёў.

Дзяржаве, мабыць, выгадна заганяць людзей у такую кабалу. Асуджаныя, у якіх няма пазоваў, не атрымліваюць нічога. Я бачыў разліковыя - 3 капейкі, 5 капеек - такія вось сумы.У абавязаных асоб трохі больш. У мяне атрымлівалася блізу 10 рублёў - 10%, выходзіць, 100 рублёў быў заробак».

Антон кажа, што калі раней у яго была нейкая рэальная магчымасць выплаціць запазычанасць за больш-менш кароткі перыяд часу, то цяпер гэта становіцца нерэальным.

«Калі працаваць у сябе ў горадзе на прадпрыемстве з заробкам 500 рублёў, і будуць вылічваць 70% — няхай 350 рублёў я буду аддаваць, - значыць, 300 будзе сыходзіць на штомесячную выплату, а 50 рублёў - на запазычанасць, - то колькі мне трэба будзе адпрацаваць, каб яе выплаціць?»

Пасля выхаду з калоніі Антон звярнуўся ў цэнтр занятасці насельніцтва, яму далі накіраванне ў ліцейны цэх. Але за год у няволі ў мужчыны пачаліся праблемы са здароўем: моцныя болі ў спіне, дранцвеюць рукі па начах. Таму Антон вызначыў прайсці медыцынскае абследаванне.

«Я прыйшоў да лекара, патлумачыў сваю сітуацыю: мне далі накіраванне на працу, але я дрэнна сябе адчуваю, не ўпэўнены, што змагу яе выконваць, а калі змагу, яшчэ горш мне стане пасля гэтага. Лекар даў накіраванне на рэнтген і да неўролага. На наступны дзень прыйшоў паглядзець здымкі. Мне іх не аддалі, сказалі, што не ведаюць, дзе яны. Я зазірнуў у сваю картку, там было нешта незразумелае напісанае - дыягназ ужо быў пастаўлены, не ведаю, кім. Прызначылі мне ўколы, таблеткі, я самастойна лячыўся дома.

Праз некаторы час прыйшоў участковы, адвёз мяне ў РУУС, і далі мне тры дні арышту за тое, што я нібыта ўхіляюся. Я патлумачыў, што я хварэю, мне трэба прымаць лекі».

Са слоў Антона, участковы з'ездзіў у паліклініку і прывёз даведку аб тым, што ён цалкам здаровы. Мужчына мяркуе, што паліклініка дзейнічае ў звязцы з міліцыяй, цэнтрам занятасці, і людзям проста адмаўляюць у лячэнні. На медыцынскай карце абавязанай асобы стаіць адзнака - налеплены чорны трохкутнік, і калі лекар бачыць гэтую карту, то атрымаць бальнічны або кірунак на абследаванне малаімаверна.

«Мне сказалі, што я зноў трапіў і мяне будуць саджаць»

Антон абскардзіў пастанову аб арышце, а пасля зноў пайшоў у цэнтр занятасці, дзе яму далі новы накірунак на працу:

«Я прыйшоў туды, мне сказалі, што я павінен тры ці чатыры месяцы быць вучнем. Пры тым, што ў мяне ёсць спецыяльнасці, але мне чамусьці даюць накірунак не адпаведна з імі, а простым вучнем.

Я спытаў, які будзе заробак. Мне адказалі: 250 рублёў — вучнем, а потым, калі здам на разрад, будзе крыху больш.

Я так падумаў: калі я за месяц павінен 300 рублёў плаціць, а мне будуць плаціць 250, то запазычанасць будзе зноў расці. Я напісаў на гэтым накіраванні, што адмаўляюся ад такой працы ў сувязі з тым, што заробак не будзе кампенсаваць запазычанасці. Аддаў у аддзел кадраў, там яны паставілі пячатку, напісалі, што адмовіўся ад прапанаванай працы.

З гэтым накіраваннем я паехаў у цэнтр занятасці, аддаў яго, і на мяне пачалі крычаць, што я не маю права адмаўляцца ад прапанаванай працы, сталі тэлефанаваць участковаму інспектару. Мне сказалі, што я «зноў трапіў» і мяне «будуць саджаць». Хоць паводле закону працу мне павінны былі прапанаваць па маёй спецыяльнасці»

Знаёмы прапанаваў Антону больш высокааплатную працу ў Менску. Мужчына паспрабаваў даведацца нумар рахунку, каб самастойна плаціць дзяржаве за ўтрыманне дзіцяці. Але яму адмовілі, паказаўшы, што мужчына можа працаваць толькі па накіраванні ад цэнтра занятасці.

«Але дзе ж логіка? Чаму я павінен працаваць за 250 рублёў на месяц, калі столькі ж я змагу зарабіць за тыдзень? І пры гэтым я буду добраахвотна выплачваць гэтую пазыку, каб хутчэй яе выплаціць. Але мне сказалі, што я павінен працаваць менавіта там, куды мяне накіравалі», - абураны Антон.

Мужчына мяркуе, што дзяржаве, мабыць, выгадна трымаць у чорным целе ўсіх людзей, каб як мага больш выцягваць з іх грошай, і часта абавязаныя асобы самі згодныя з гэтым - яны ўжо апусцілі рукі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках