29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хтосьці хлусіць

17
Хтосьці хлусіць
Ирина Халип

Унтэр-афіцэрская ўдава нервова запаліла.

«Хтосьці камусьці штосьці паабяцаў прадаць за столькі» - прыкладна так развіваліся падзеі апошніх дзён у расейска-беларускіх складаных вуглевадародных стасунках. Тое, што даўно на відавоку, тое, пра што сказана было столькі з абодвух бакоў, раптам ператварылася ў вялікую таямніцу і не меншы прастор для хлусні.

14 лютага Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі ў Светлагорск распавёў, што Расея намякала на роўныя цэны энэрганосьбітаў у выпадку ўваходжання Беларусі ў яе склад. І што падчас перамоў у Сочы Уладзімір Пуцін выказаў сумневы ў тым, што Беларусь працягне купляць нафту ў іншых краінах, а не ў Расеі. Але мы, сказаў Аляксандр Лукашэнка, працягнем гэта рабіць, каб не стаяць кожны год 31 снежня на каленях. Пазіцыя выразная, жорсткая, зразумелая.

18 лютага ў Менск прыехаў кіраўнік «Роснефти» Ігар Сечын. І вось тут рыторыка Аляксандра Лукашэнкі змянілася катэгарычна. Цяпер гэта быў не ўпэўнены ва ўласнай праваце кіраўнік суверэннай дзяржавы, а просьбіт ля параднага пад'езда. Падчас перамоў з Сечыным ён прасіў параду: «Было б няправільна нават не параіцца ў асобных пытаннях - як дзейнічаць далей... Хацелася б поўнай яснасці. Можа, вы зможаце падказаць нешта». Сечын у адказ на салодкія і ліслівыя гаворкі - маўляў, самі мы не мясцовыя, не разумеем, як з Крамлём працаваць, - рэагаваў важна і крыху паблажліва: «Адказваючы на ваша пытанне, што рабіць далей, Аляксандр Рыгоравіч, трэба працаваць разам, вядома. Мы настроены канструктыўна. Я рады, што ў мяне ёсць магчымасць гэтую тэму абмеркаваць разам з вамі». Гэта ўсё, што было ў публічным доступе пасля іх перамоў. Ясна было адно: Ігар Сечын проста так, пасядзець на прызбе ды даць мудрую параду, у Менск бы не паехаў. Ён прыехаў эмісарам. Абы толькі чакаць хуткага развіцця падзей.

Яно не прымусіла сябе чакаць, але аказалася непрадказальным. Як быццам усе ўдзельнікі нафтавага канфлікту паставілі перад сабой мэту як мага больш заблытаць сляды, каб наогул ніхто не даведаўся праўду. 20 лютага літоўскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што ў сакавіку ў Клайпеду прыйдуць два танкеры з нафтай для Беларусі - кожны прывязе па 85 тысяч тон. У Беларусі пра гэта маўчалі, хоць пра нарвежскія танкеры ў студзені не пісалі хіба што на платах. А тут - два таямнічыя танкеры. У «Белнафтахіме» адмовіліся казаць, у каго закупленая нафта. Гэта значыць паходжанне нафты - вялікі сакрэт. Унтэр-афіцэрская ўдава нервова запаліла.

Праўда, увечары таго ж дня «Белнафтахім» раптам прызнаўся: нафта - расейская, закупленая ў трэйдараў. Колькі яна каштавала і чаму транспартуецца танкерамі і чыгункай, а не па трубаправодзе, што танней за ўсё, - дзяржаўны канцэрн прамаўчаў. Цану абвясцілі камерцыйнай таямніцай, хоць раней з гэтага ніколі не рабілі ніякіх сакрэтаў.

А 21 лютага, у пятніцу, Аляксандр Лукашэнка дэманстратыўна спазніўся на сустрэчу з губернатарам Архангельскай вобласці Ігарам Арловым і ў якасці прабачэння патлумачыў: тэлефанаваў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і зрабіў нечаканую прапанову што да нафты, якую цяпер трэба добра абдумаць. Дадаў, што «вымаляваўся хоць нейкі шлях да развязкі спрэчак». І сказаў, што Уладзімір Пуцін прапанаваў кампенсаваць Беларусі 300 мільёнаў даляраў: «Калі мы атрымлівалі летась ад мыт мільярд даляраў, дапусцім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтай самай мыты (яна ж увесь час зніжаецца) атрымаем 700 мільёнаў... ён сказаў: мы 300 мільёнаў кампенсуем. У тым ліку за кошт прэмій кампаніям». Але ў той жа дзень прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што аб кампенсацыі гаворка не ідзе і што кожны бок «робіць свае ўласныя калькуляцыі».

Так што сітуацыя не праяснілася, а яшчэ больш заблыталася. Цікава, што пра дарожныя мапы, якімі Менск і Масква ўзрушвалі цэлы год, цяпер ніхто не ўспамінае. Ды і аптымістычных прэс-рэлізаў пра дасягнутыя дзякуючы брацкай дружбе дамоўленасці не было. Значыць, яшчэ нічога не скончылася. Дарожныя мапы пыляцца ў куфры да лепшых часоў. Нафта таемна ідзе абходнымі шляхамі праз Паўднёвае Бутава. Унтэр-афіцэрская ўдава выкінула недакурак і падбадзёрылася.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках