20 красавiка 2024, Субота, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Кожны хоча жыць

45
Генадзь Фядыніч: Кожны хоча жыць
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Народ мае ведаць поўную інфармацыю пра эпідэмію.

На мінулым тыдні лідары беларускай апазіцыі і грамадскія дзеячы абвясцілі Народны карантын у адказ на бяздзейнасць беларускіх уладаў у барацьбе з пандэміяй каранавіруса COVID-19. Карантын будзе дзейнічаць з 23 сакавіка да 5 красавіка.

Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту Charter97.org, як праходзіць Народны карантын у Беларусі і чаму ён патрэбны.

- Вы - адзін з лідараў, якія паставілі свой подпіс пад заявай аб Народным карантыне. Чаму гэта трэба было зрабіць?

- Усё проста: наша Беларусь знаходзіцца не на Марсе, яна знаходзіцца на Зямлі. Іншыя краіны робяць усё, што трэба для стрымлівання віруса, бо калі ён ужо распаўсюдзіцца, будзе позна нешта рабіць, такія прэвентыўныя захады будуць зусім непатрэбныя. Таму гэта быў сігнал найперш грамадзянам: трэба паклапаціцца пра сябе самім, калі ўлада не робіць канкрэтных крокаў для нашай бяспекі.

- Як, з вашых назіранняў, праходзіць Народны карантын?

- Я часам вечарам выходжу паглядзець на тое, што адбываецца на вуліцах. Мяне больш засмучае, што ў масках я бачу ў асноўным моладзь, і тое не так шмат. Зразумелая справа, што маскі ад усяго не засцерагуць, але ж на сённяшні дзень няма выразнай дзяржаўнай праграмы абароны нашай нацыі ад каранавіруса. У такой сітуацыі нават гэтыя, не самыя надзейныя, сродкі самаабароны добрыя.

Гэта ж тычыцца і нашых арганізацый і прадпрыемстваў: даўно трэба было даць адпаведныя загады і распараджэнні. Тыя, хто можа працаваць дыстанцыйна, даўно павінны былі так зрабіць. Чаму сёння на Камароўцы прадаўцы працуюць без масак? Да іх жа розныя людзі падыходзяць, кожны харчовы рынак можа цяпер ператварыцца ў асяродак эпідэміі.

Чаму ўлады пакінулі працоўных людзей без элементарнай абароны? А каб, маўляў, не ўсчынаць панікі! Прадаўцы на рынку, можа, і гатовыя надзець маску - але спачатку трэба дазвол атрымаць. У Беларусі, каб абараніць сябе, трэба яшчэ пытацца ў кагосьці дазволу!

Я думаю, што ў гэтай сітуацыі ўлады чыняць недаравальную памылка. І гэта - самая мяккая фармулёўка. Мне нават складана падабраць нават слова, каб сказаць, што адбываецца на самым вышэйшым узроўні ў дачыненні да такой небяспечнай эпідэміі. Адбываецца нават не поўнае ігнараванне, а словаблудства з тэлеэкранаў пра тое, што ў нас нібыта «ўсё добра».

Я ведаю прыклады тых людзей, якія прыбывалі з-за мяжы ў Менскі аэрапорт. У кагосьці была свая ініцыятыва здаць мазок на каранавірус, а ў кагосьці не было - і тыя пайшлі сабе спакойна далей у горад. Як жа так можна рабіць?

Так, цяжка эканоміцы, так, мы выдатна разумеем, што будзе вельмі сур'ёзны спад, але ўсё адно, сёння на коне стаіць здароўе і жыццё людзей. У рэшце, без людзей ніякую эканоміку не падымеш. Сёння ў Беларусі няма робатаў, якія б заўтра замест людзей выйшлі на працу - і яшчэ доўга яны не з'явяцца.

Ды і наогул: абавязак нармальнай улады - клапаціцца пра здароўе сваіх людзей незалежна ад узросту, нацыянальнасці або веравызнання.

- Прафзвяз не раз абараняў рабочых ад неразважлівасці ўладаў. Як цяпер выглядае сітуацыя на прадпрыемствах Беларусі?

- На некаторых прадпрыемствах усім без выключэння на КПП вымяраюць тэмпературу. Трэба ўдакладніць, як гэта выглядае на вялікіх прадпрыемствах. Але на мой погляд, гэта трэба рабіць незалежна ад колькасці работнікаў на ўсіх месцах.

У нас жа людзі пастаўленыя кантрактнай сістэмай у такія ўмовы, што баяцца звальненняў і могуць нават з тэмпературай на працу прыйсці. Таму што ўсім патрэбна праца, усе баяцца яе страціць, асабліва цяпер, а кантрактная сістэма карае работнікаў вельмі жорстка.

- Што можа адбыцца на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі, калі ўлады будуць замоўчваць праблему і не ўвядуць карантын?

- Усё гэта будзе залежаць ад канкрэтных сітуацый на тым ці іншым прадпрыемстве. Грэх не схаваеш у мех, хто б не абяцаў пад падпіску, што не будзе выдаваць інфармацыю. Але калі вы сёння вызваляеце лякарні, значыць вы рыхтуецеся да каранавірусу, чаго ж вы людзей тады падманваеце. Народ павінен ведаць поўную інфармацыю, тады яму прасцей будзе арыентавацца ў сітуацыі. Дзяржаве тады таксама прасцей змагацца з каранавірусам, чым дэзінфармаваць. Я хачу сказаць, што калі, крый Божа, будуць у нас смяротныя выпадкі і яны пацвердзяцца, то думаю, што народ не вытрымае замоўчвання такіх фактаў. Ва ўлады будуць праблемы. Так з народам паступаць нельга.

- Раней вы распавядалі, што з аддзялення кардыялогіі 3-яй гарадской лякарні Менска выпісалі ўсіх хворых для вызвалення месцаў на выпадак масавай шпіталізацыі хворых COVID-19. Як цяпер выглядае сітуацыя ў шпіталях? Што гавораць беларускія медыкі пра сітуацыю з каранавірусам?

- Гэта адбылося не толькі ў 3-й клінічнай лякарні, але і ў іншых. Усім цяпер вядома, што ўсе планавыя наведвання клінік, паліклінік загадалі спыніць. Раней такога не было, значыць, медыкі да нечага рыхтуюцца. Чаму гэта хаваюць ад людзей? Пра гэта ж трэба сказаць грамадскасці. Калі дадзены дакладны загад, калі вас збіраюць раз ці два разы на тыдзень, і кажуць аб праблемах каранавіруса - дык дайце людзям пра гэта ведаць.

Я магу зразумець, што міністру аховы здароўя сказалі чагосьці не казаць, але, хлопцы, вы павінны дакладна сказаць, што такія і такія клінікі ў розных гарадах Беларусі свядома вызвалілі на выпадак, калі ў нас будуць пацыенты з каранавірусам. Што тут дрэннага? Чаму гэта замоўчваецца? Чаму мы атрымліваем інфармацыю з плётак ці сацыяльных сетак, ад людзей, якія камунікуюць з медыкамі, але не хочуць называць іх прозвішчы?

- Суседзі нашай краіны робяць цяпер беспрэцэдэнтныя захады для абароны сваіх грамадзян. Як вы ахарактарызуеце бяздзейнасць беларускіх уладаў?

- Яны паводзяць сябе безадказна ў дачыненні да свайго народу. Кожны хоча жыць сёння, заўтра і паслязаўтра - незалежна ад узросту.

Я думаю, рана ці позна яны ўвядуць карантын, бо сітуацыя не дазволіць далей вось так абыходзіцца з людзьмі. Суддзі будуць у будучыні вызначаць, ці злачынства гэта.

Але я хачу ўжо цяпер звярнуцца да кіраўнікоў прадпрыемстваў: часу амаль не засталося, і таму няма чаго сёння баяцца ўказа зверху. Кіраўнікі самі могуць прыняць пастанову, як будуць працаваць іх арганізацыі, таму хай параяцца з людзьмі, здабудуць іх падтрымку - і наперад, прымаць пастанову.

Калі заўтра, крый Божа, хтосьці захварэе на прадпрыемстве, нават дзяржаўным, уявіце толькі, што здарыцца. Колькі ў асяродку кожнага хворага знаходзіцца людзей, колькіх трэба адразу ізаляваць! Значыць, гэта спыніць усе працэсы і лініі. Да варажбіткі не хадзі, усё і так зразумела - дык навошта да гэтага даводзіць?

Можна ж ужо сёння прыпыніць працэсы, зрабіць на прадпрыемстве карантын на тры тыдні, пакуль сітуацыя будзе больш-менш праясніцца. Пры гэтым усім я аднаго асцерагаюся: яна можа быць зразумелай толькі «наверсе», але не для грамадскасці. У нас неяк не прынята людзям гаварыць праўду.

- Як далей могуць развівацца падзеі і што рабіць, каб улады ўвялі карантын?

- Я думаю, што да гэтага павінны падключыцца ўсе арганізацыі, грамадскія рухі і партыі.

Пры гэтым мы павінны найперш думаць не пра эканамічны складнік, як утрымаць на плаве прадпрыемства. Гэта будзе на другім плане, цяпер трэба падумаць найперш пра людзей. Таму мы павінны ўсе разам, з розных крыніцах, высоўваць свае патрабаванні на адрас Лукашэнкі пра тое, што трэба неадкладна ўвесці карантын. Дастаткова ўзяць найлепшае, што ўжо сёння напрацавалі нашыя суседзі. Не трэба вынаходзіць ровар.

Калі сёння нашы грамадзяне не будуць клапаціцца самі пра сябе, то ніхто не дапаможа. Усе павінны дакладна разумець, што сёння ў нас ёсць грамадзянская супольнасць, ёсць грамадзяне па адзін бок барыкад, і ёсць правадыр - па іншы бок барыкад. А ў нармальнай дзяржаве, тым больш ва ўмовах пандэміі, так быць не павінна.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках