10 красавiка 2020, пт 7:48

Навукоўцы даведаліся, у якім месяцы нараджаюцца самыя разумныя дзеці фатаздымкі 9

10:04 26.03.2020 — Адпачынак

Таксама вызначаны час для нараджэння выдатных спартоўцаў і доўгажыхароў.

Навукоўцы катэгарычна супраць астралогіі і веры ў тое, што дата нараджэння ўплывае на лёс чалавека. Тым не менш народжаныя ўзімку жывуць даўжэй, восеньскія дзеці лепш вучацца ў школе, а тыя, хто з'явіўся на свет на згоне лета, часцей дамагаюцца поспеху ў спорце. Толькі ўсяму гэтаму ёсць рацыянальнае тлумачэнне, піша deti.mail.ru.

У народжаных у жніўні добрыя шанцы стаць гульцом каманды Францыі, Бэльгіі або Нідэрландаў у футболе. З'явіліся на свет з верасня да лістапада? Цаляйце ў ангельскую прэм'ер-лігу. Калі хочаце, каб ваша дзіця стала паспяховым хакеістам, заплануйце нараджэнне на першую палову года.

Гэта не рэкамендацыі астролага, а непраўдзівыя высновы, якія можна зрабіць на падставе некалькіх навуковых даследаванняў.

Калі нараджаюцца футбалісты?

Напрыклад, у Бэльгіі, Францыі і Нідэрландах пік нараджэння футбалістаў прыпадае на жнівень, потым іх колькасць пакрысе зніжаецца, дасягаючы мінімуму ў ліпені. У ангельскай Прэм'ер-лізе гульцоў віншуюць з днём нараджэння часцей увосень, а сярод цяперашніх зорак ангельскага футбола няма ніводнай, якая нарадзілася з траўня да жніўня. Канадскія хакеісты, наадварот, зазвычай з'яўляюцца на свет у першай палове года - са студзеня да траўня.

"Карэляцыя не азначае прычынна-выніковай сувязі. Гэта як памяншэнне колькасці піратаў на фоне глабальнага пацяплення. Такія заканамернасці могуць быць фальшывымі або нічога не значнымі, але паспрабую прапанаваць тэарэтычнае тлумачэнне меркаванаму эфекту. Напрыклад, у залежнасці ад таго, калі чалавек нарадзіўся, ён будзе альбо малодшым, альбо старэйшым у спартовай школе або сэкцыі. Гэта можа паўплываць на ягоныя поспехі ў дачыненні да іншых вучняў і на наступную кар'еру. У дзіцячым веку розніца некалькі месяцаў бывае крытычнай", - тлумачыць Аляксандр Панчын, кандыдат біялагічных навук, лаўрэат прэміі "Асветнік", член камісіі барацьбы з псэўданавукай і фальсіфікацыяй навуковых даследаванняў РАН.

У навуцы такое асіметрычнае размеркаванне дзён нараджэння атлетаў атрымала назву "эфект параўнальнага веку" (Relative age effect, RAE). Паводле даследаванняў, RAE характэрны для спартовых федэрацый практычна ўсіх краін свету. У Расеі сярод футбалістаў пераважаюць народжаныя ў першай палове года, асабліва ў студзені.

Тлумачацца RAE проста: пры наборы вучняў футбольныя школы арыентуюцца толькі на год нараджэння дзіцяці. Таму студзеньскія спартоўцы атрымліваюць значную перавагу ў параўнанні з астатнімі.

Восеньскія доўгажыхары

Дата нараджэння таксама можа ўплываць на працягласць жыцця. Асобы, што з'явіліся на свет увосень і ўзімку, жывуць даўжэй. Горш за ўсё сакавіцкім нованароджаным - толькі чатыры адсоткі з іх дажываюць да ста гадоў. Было б памылкай так інтэрпрэтаваць вынікі даследавання навукоўцаў з чыкажскага ўніверсітэта, якія прааналізавалі звесткі 1500 чалавек, што нарадзіліся паміж 1880 і 1895 годам у Чыкага.

"І зноў няясна, наколькі гэтыя вынікі ўзнаўляльныя, і ці паказваюць яны на прычынна-выніковыя сувязі. Але давайце пафантазуем. Тут былі выкарыстаныя звесткі пра людзей, якія нарадзіліся ў канцы XIX стагоддзя. У той час позняй восенню і зімой магла назірацца падвышаная дзіцячая смяротнасць праз сэзонныя інфэкцыі і холад. Выжывалі мацнейшыя немаўляты з сацыяльна добрых сем'яў, гэта значыць тыя, хто меў добрыя стартавыя варункі. І яны шанцаў на даўгалецце маюць больш", - тлумачыць Аляксандр Панчын.

Паводле высноў прафесара брэмэнскага ўніверсітэта Якабса (Нямеччына) Аляксандра Лерчла, немцы, якія з'явіліся на свет з кастрычніка жа снежня, таксама жывуць у сярэднім даўжэй, чым народжаныя з траўня да чэрвеня. Падобныя звесткі атрымалі і даследчыкі з каліфарнійскага ўніверсітэта ў Бэрклі( ЗША), параўнаўшы працягласць жыцця ў розных паўкулях Зямлі. Выявілася, што аўстрыйскія і данскія доўгажыхары часцей нараджаюцца з верасня да снежня, а аўстралійскія - з сакавіка да чэрвеня.

Адно з найбольш верагодных тлумачэнняў - харчаванне маці падчас цяжарнасці. Жанчыны, якія нараджаюць увосень і ўзімку, выношваюць дзіця ў цёплы час года, калі шмат гародніны і садавіны, што пасля фармуе здаровыя смакавыя звычкі ў дзяцей. Эксперыментальна спраўдзіць гэта нельга, але з пэўнай доляй дапушчэння можна падаць як прыклад даследаванне на пацуках, якое паказала, што калі саміца падчас цяжарнасці сілкавалася каларыйнай ежай з высокім змяшчэннем тлушчаў, то яе звераняты пасля мелі схільнасць да шкоднай ежы і цярпелі ад атлусцення.

Нараджаць з розумам

Паводле звестак Нацыянальнага бюро эканамічных даследаванняў (ЗША), самыя разумныя і ўседлівыя дзеці нараджаюцца ў верасні. Даследнікі прааналізавалі паспяховасць больш як мільёна школьнікаў ад шасці да пятнаццаці гадоў. Выявілася, што самыя нізкія паказчыкі - у жнівеньскіх дзяцей, а народжаныя ў верасні не толькі атрымліваюць добрыя ацэнкі ў школе, але і паступаюць у больш прэстыжныя каледжы і ўніверсітэты.

Навукоўцы тлумачаць гэта так. Амэрыканскія дзеці ідуць у школу ў поўныя шэсць гадоў, таму народжаныя з верасня да снежня валодаюць невялікай перавагай: яны на некалькі месяцаў старэйшыя за сваіх вясновых і летніх аднакласнікаў, што ў малодшых класах можа выклікаць істотны разрыў у паспяховасці.

Акрамя таго, даследчыкі высветлілі, што сярод народжаных у верасні было больш дзяцей з сем'яў з высокім дастаткам. Бацькі, плануючы цяжарнасць, разлічвалі на роды ўвосень, каб дзеці ў будучыні маглі ўдзельнічаць у як мага большым ліку стыпендыяльных праграм.

Геніі і зоркі

Сувязь геніяльнасці і даты нараджэння вывучалі не раз, але пэўных высноў навукоўцы зрабіць так і не здалелі. Адны знаходзяць карэляцыю паміж годам нараджэння навукоўцаў і прысуджэннем ім прэміі Нобэля. Іншыя катэгарычна выказваюцца супраць усякіх спроб паставіць узровень інтэлекту ў залежнасць ад пары зачацця або родаў.

"Звесткі аб сувязі даты нараджэння і тым, што чалавек стаў выдатным навукоўцам, часцей за ўсё падобныя да фальшывай карэляцыі. Калі спрабаваць дастасаваць велізарныя масівы звестак, то ў Вас канечне што-небудзь з чым-небудзь скарэлюецца проста з чыстай выпадковасці. Усялякія такія даследаванні, па-першае, маюць узнаўляцца на незалежных выбарках. Па-другое, заўсёды трэба спрабаваць спраўдзіць альтэрнатыўныя тлумачэнні названай карэляцыі», - высноўвае Панчын.

Напісаць каментар (9)