10 красавiка 2020, пт 8:25

Чвэрць насельніцтва Зямлі знаходзіцца на карантыне 3

10:45 26.03.2020 — Грамадства

Як выглядае сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19?

Самая высокая смяротнасць ад каранавіруса зафіксаваная на сённяшні дзень у Італіі (10,1%), Іране (7,7%) ды Гішпаніі (7,4%). У Кітаі афіцыйны паказчык смяротнасці ад наступстваў заражэння - 4%. У Нямеччыне - 0,6% пры больш чым 37 тысячах заражаных, паведамляе tut.by.

У ЗША колькасць ахвяр COVID-19 перасягнула тысячу. Паводле звестак універсітэта Джонса Гопкінса, пад 23.00 паводле часу Усходняга ўзбярэжжа ЗША (06.00 менскага) лік зафіксаваных смяротных вынікаў складае 1041. Зарэгістраваныя 68 572 выпадкі заражэння.

Як піша РБК, найгоршая сітуацыя ў краіне склалася ў штаце Нью Ёрк. На яго прыпадае траціна ўсіх смяротных выпадкаў, а колькасць захварэлых перасягнула 32 тысячы чалавек. Больш за 100 чалавек памерлі ў штаце Вашынгтон, дзе яшчэ ў лютым заразіліся жыхары дома састарэлых у Сіэтле. Улады асцерагаюцца, што найбліжэйшым часам сітуацыя пагоршыцца. Так, у Нью Ёрку ўжо пачалі будаваць дадатковыя трупярні і рыхтаваць рэфрыжэратары на выпадак патрэбы вывазу вялікай колькасці трупаў.

ЗША знаходзяцца на трэцім месцы паводле ліку інфікаваных каранавірусам пасля Кітая ды Італіі, аднак пры гэтым тут памерла менш, чым у Гішпаніі, Францыі ды Іране, а ўзровень смяротнасці складае 1,4%.

У Кітаі за апошні дзень зафіксавана 67 завозных выпадкаў заражэння, памерлі шасцёра, ачуняў 401 чалавек, а з пачатку эпідэміі - 91% інфікаваных. Колькасць заражаных перасягнула 81 тысячу, памерлі 3287 чалавек.

У Канадзе лік заражаных за апошні дзень вырас амаль у два разы: з 1959 да 3385. Выпадкі заражэння выяўленыя ў 12 з 13 рэгіёнаў Канады. Больш за ўсё інфікаваных у правінцыях Квэбэку (1339 чалавек), Антарыё (688) і Брытанскай Калумбіі (659).

Францыя праз пандэмію выводзіць з Ірака свой вайсковы кантынгент, які бярэ ўдзел у аперацыі Chammal супраць ІДзІЛ. У самой Францыі паводле апошніх звестак зафіксавана 25 600 выпадкаў заражэння, ачунялі 3907 чалавек, памерлі - 1333. Афіцыйны ўзровень смяротнасці - 5,2%.

Кіраўнік урада Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу дапусціў поўнае замыканне краіны, калі сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса не палепшыцца найбліжэйшым часам. Урад зацвердзіў узмацненне карантыну з 25 сакавіка на 7 дзён. Ён прадугледжвае поўную забарону на праходкі, за выняткам выпраў па харчы або лекі. Адыходзіць ад дому можна толькі на адлегласць да 100 мэтраў. У таксі - не больш за аднаго пасажыра, у асабістым аўто - не больш за два. Лік заражаных у краіне перасягнуў 2300 чалавек, 58 акрыялі, сканалі - 5. З 20 сакавіка ў краіне дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча.

У Расеі медыкі рыхтуюцца да «выбуховага» развіцця сітуацыі з распаўсюджваннем COVID-19. «На пачатку мы бачылі арыфметычнае дадаванне хворых. А цяпер ужо геаметрычнае, бо за апошні дзень захворванне павялічылася практычна ў тры разы», - заявіў галоўны інфекцыяніст маскоўскага Міністэрства аховы здароўя Нікалай Малышаў. Паводле апошніх звестак, у Расеі зафіксавана 658 выпадкаў заражэння. За дзень было выяўлена 163 новых хворых. Большасць з іх - 120 - у Маскве. COVID-19 ахапіў 55 з 85 расейскіх рэгіёнаў. Ачунялі 29 чалавек. Наступны тыдзень у краіне Пуцін абвясціў непрацоўным.

У Беларусі колькасць заражаных паводле звестак Міністэрства аховы здароўя складае 86. Яшчэ на двух пацыентах спецыялісты праводзяць дадатковую праверку ў сувязі з неадназначнасцю атрыманых вынікаў. Акрыялі 29 чалавек.

Паводле звестак САЗ, у свеце на поўдзень 25 сакавіка колькасць пацверджаных выпадкаў дасягнула 414 179. За дзень захварэлі яшчэ 40,7 тысячы чалавек. Ахвярамі сталі 18 440 чалавек (плюс 2202 смерці за дзень. Асяродкам застаецца Еўропа - тут зафіксавана 25 тысяч новых хворых і амаль 1,8 тысячы новых смерцяў. Паводле падліках ВВС сама менш чвэрць 7,8-мільярднага насельніцтва планеты апынулася ў той або іншай ступені пад карантынам.

Напісаць каментар (3)