16 красавiка 2024, aўторак, 10:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Калінкіна: Толькі ў нас пацыент вучыць лекараў, як лячыць

72
Святлана Калінкіна: Толькі ў нас пацыент вучыць лекараў, як лячыць
СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА

Беларусь у астрале.

Вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна апублікавала на сайце «Беларускі партызан» артыкул пра эпідэмію каранавірусу ў нашай краіне:

«Калі каго цікавіць, як яно – ва ўмовах эпідэміі апынуцца ў вар'ятні – ласкава просім да нас. Тым больш, што вар’ятня – менавіта той гасцінны дом, куды ўсіх упускаюць. Праўда, выйдзеце вы з яго ці не, гэта ўжо іншае пытанне. Рызыка ёсць. Але затое і такога відовішча вы больш нідзе не ўбачыце.

Толькі ў нас пацыент збірае лекараў, каб расказаць ім, як трэба лячыць!

Толькі ў нас “не лавінападобнае захворванне”, “бліжэйшае да гарызанталі”, гэта тое, якое рэзка падымаецца ўгору!

Толькі ў нас размова пра тое, як абараніць людзей, абавязкова наўпрост тычыцца кароваў. І каб не пацярпелі каровы... Далей вы самі ведаеце.

Учора Лукашэнка сабраў медыкаў, каб расказаць ім, якая ў нас сітуацыя з каранавірусам.

Цягам гутаркі высветлілася, што міністр аховы здароўя некалькі гадзінаў пераконваў кіраўніка дзяржавы ісці супраць эпідэміі каранавірусу “фронтам” – жорсткі карантын і ўсё, як ва ўсім свеце. Аднак Лукашэнка прыняў пастанову, што фронтам не трэба.

Высвятляецца, гэта не ў нашых традыцыях – забараняць.

Ды і што значыць меркаванне міністра і “некаторых ва ўрадзе, якія прапаноўвалі”, калі сам ва ўсіх сферах спецыяліст. Да таго ж ёсць побач “знаёмая лекарка”, якая ў вузкім коле паразважала: маўляў, а як гэта – замкнуць людзей у стаяках шматпавярховак; а што здарыцца калі праз вентыляцыю вірус будзе распаўсюджвацца з ніжніх паверхаў на верхнія; будзе яшчэ горш... Лекарка, мабыць, пераблытала вентыляцыю з вентылятарам. Таму што ўвогуле вентыляцыя выцягвае паветра, а не ганяе яго паміж кватэрамі. Але навошта ж слухаць міністра аховы здароўя, калі ёсць “знаёмая лекарка”? Гэта адназначна не ў нашых традыцыях. У нашых традыцыях – дзейнічаць на прынцып “адна баба сказала”.

Хтосьці Лукашэнку сказаў, што да эпідэміі мы выдатна падрыхтаваліся. І ў сярэдзіне сакавіка ён вяшчаў, што масак нашылі – няма куды падзець, ахове здароўя столькі не трэба.

Цяпер высветлілася, што трэба, што не хапае, што ў аптэках масак зусім няма. І ён ужо на блакітным воку пагражае разагнаць урад, калі не забяспечаць. Не прайшло і двух тыдняў, як той казаў.

31 сакавіка, калі было 200 захварэлых, хтосьці яму сказаў, што мы ўжо на піку эпідэміі. І гэтая ўрачыстая навіна грунтавалася на “лічбавым аналізе захворвання”. Але сёння тых, хто захварэў, 861. Пасля “піку” рост больш чым у чатыры разы. Ну, і дзе мы цяпер? У астрале?.. У віртуале? У залюстроўі?

Хтосьці яму казаў, што ў эпідэмію трэба есці масла ў якасці абароны ад вірусаў, хтосьці рэкамендаваў пяцьдзясят грамаў перад сном. Хтосьці раіў хакей, хтосьці лазню. Хтосьці расказаў, што ў Амерыцы людзі паміраюць пад плотам, таму што калі няма страхоўкі, то іх там ніхто не лечыць. А ў нас усё не страшна, усё пад кантролем. І ён усіх нас “лечыць” гэтым трызненнем.

Але пра каго клопат замілавальны – дык гэта пра кароваў. Правадыр вельмі занепакоены тым, хто іх будзе даіць, калі краіна пяройдзе на “выдаленку”. І пакуль ніхто – зусім-зусім ніхто – не змог даць Лукашэнку выразны адказ на гэтае пытанне. Такі, каб Аляксандр Рыгоравіч зразумеў. Прынамсі, так патлумачыла ягоная прэс-сакратарка Наталля Эйсмант.

Але я магу адказаць на гэтае лёсавызначальнае ў цяперашняй сітуацыі пытанне. Двума зразумелымі кіраўніку дзяржавы нелітаратурнымі словамі. Таму што паміж тым, каго ратаваць – карову або даярку – пра каго думаць у першую чаргу, я б усё ж такі выбрала даярку. У гэтым пытанні мы з Лукашэнкам даўно не сыходзімся.

Я не разумею іншага – чаму ўсе гэтыя паважаныя лекары так спасавалі перад каровамі і сядзелі на нарадзе ў Лукашэнкі, апусціўшы галовы ў стол. Гэта праўда нейкая вар'ятня. І баюся, што медыцына ў нашай сітуацыі бяссілая. Гэта ўжо дакладна не лечыцца».

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках