26 красавiка 2024, Пятніца, 20:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Я памылялася. Толькі дзяўбці!

10
Я памылялася. Толькі дзяўбці!
Фота: ТАСС

Толькі змяніць сістэму і стаўленне ў корані. Інакш яны зноў прыйдуць.

Так, мы ўсе спрабавалі жыць ва ўнутранай эміграцыі. З'явіліся свае прасторы, арт і каваркінг, свае галерэі, кавярні, рэстарацыі, бары і пабы. Нам усім здавалася, што ў Менску злёгку запахла Еўропай, а месцамі нават падзьмуў вецер перамен. Мы высаджвалі дрэвы і кветкі каля дома, думалі, што адкрыем свае садкі, школы, а ў дзяржаўных, так і быць, памяняем вокны, дахі - і будзем жыць.

Мы ўнутрана дзесьці нават пагадзіліся самі арганізаваць працу медыкаў падчас COVID-19. Халера на яе, дзяржаву - медыкі і людзі не вінаватыя, што некаторыя не вераць у існаванне віруса (гэта потым некаторыя нібыта перахварэюць самі, ды зразумеюць, што на вакцыне і падзарабіць можна, праўда, як звычайна, трохі падмануўшы Расею, але ёй не звыкаць).

І вось ніхто ж нават і не думаў, што ў 2020 годзе выбары пройдуць гучней, чым ў 2016-м.

Мы спакойна сядзелі ў сваім выдуманым сусвеце, пакуль аднойчы да нас не звярнуліся, як да людзей.

Паважліва, вельмі інтэлігентна, разважна і ветліва, настолькі пісьменна і аргументавана, што проста не верылася, што гэта да нас і ў нашай краіне.

Высветлілася, што за дзесяць гадоў унутранай эміграцыі на ўрадлівай глебе пацяплення стасункаў з Еўропай і некаторага заспакаення асабліва хворых і гучных, у нас вырасла новая супольнасць адукаваных і разумных ва ўсіх сферах людзей. А з выхадам на арэну Віктара Дзмітрыевіча Бабарыкі стала відавочна, што і старэйшае пакаленне не ўсё выехала. Проста гэтак жа жыло і варылася ў сваім невялікім коле інтэлектуалаў і прафесіяналаў.

Калі Віктар Дзмітрыевіч за тыдзень сабраў дзесяць тысяч чалавек, стала зразумела, наколькі нас шмат. Мы ўбачылі, што перамен хочуць не гурткі маргіналаў, а сотні тысяч. Высветлілася, што ўнутраныя гурткі так разрасліся, што вонкавае кола стрымлівання настолькі расцягнулася, што фактычна ролі больш не адыгрывае. Гэта тры адсоткі, размазаныя на ўсю краіну. Мы паверылі і пайшлі за тымі людзьмі, якія верылі ў закон і яго дзеянне. І я ім удзячная па гэты дзень за ўсе адкрыцці 2020 года.

Вось толькі мы не думалі ў той момант, што можна ботамі па нашых колерах, што можна проста пасадзіць людзей за меркаванне і нязгоду, што можна прыдумаць і замах, і склеп, і заклікі, наогул - прыдумаць усё што хочаш. Я памятаю, як глядзела начамі відэа з Менска праз ледзь улоўны інтэрнэт і не верыла, што гэта з намі адбываецца - святлогукавыя гранаты, выбухі, кулі. А там, на вуліцы, мае родныя. Тыя самыя, што саджалі клумбы, фарбавалі дрэвы, дапамагалі бадзяжным жывёлам і часопісу «Імёны». Гэта ўзрушыла. Нас і нашых блізкіх забівалі, білі, саджалі, прыніжалі, катавалі, арыштоўвалі. Яны знішчылі выставы, галерэі, прасторы, кавярні, рэстарацыі - выціснулі бізнэс і выціскаюць IT.

Наш план не спрацаваў. Немагчыма будаваць свой свет усярэдзіне прагнілай сістэмы. Унутраная эміграцыя была паветраным замкам, які ўмомант растаў, калі непажаданымі сталі мы.

Я часта чула: «А дзе вы былі гэтыя дзесяць гадоў?»". Прабачце, сябры, я жыла ў штучным свеце. Мяне не тычылася.

Я верыла, што калі не чапаць сістэму, то можна займацца дабрачыннасцю, ствараць бізнэс і вырошчваць кветкі ля пад'езда. Я памылялася. Шмат хто з нас паддаўся ілюзіям. Таму так важна не паддацца ім сёння. Нічога не змянілася. Людзей усё гэтак жа штодня затрымліваюць. За адзенне, жалюзі, гірлянды, размовы ў Zoom.

Тыя, хто там сёння, - гэта самыя непажаданыя, але гэта не значыць, што там не можа быць хто-небудзь з нас. На жаль. Менавіта таму я не асуджаю тых, хто з'ехаў. Менавіта таму я ніяк не наважуся клікаць саджаць дрэвы і клумбы ля пад'езда. Усё гэта ўжо было. Толькі дзяўбці. Толькі змяніць сістэму і стаўленне ў корані. Інакш яны зноў прыйдуць. І зноў затопчуць нашы кветкі. Для іх яны нічога не значаць.

Вераніка Грышкова, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках