20 красавiка 2024, Субота, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Герасіменя распавяла матывацыйную гісторыю са сваёй кар'еры

4
Аляксандра Герасіменя распавяла матывацыйную гісторыю са сваёй кар'еры
АЛЯКСАНДРА ГЕРАСІМЕНЯ

Карыстальнікі прыйшлі ў захапленне ад аповеду.

Вядомая беларуская былая плыўчыха, двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 года і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года Аляксандра Герасіменя распавяла пра момант сваёй кар'еры, калі ёй хацелася расплакацца, але ў той жа час ён дапамог ёй здабыць першы залаты медаль.

Гэтую гісторыю яна апублікавала на сваёй старонцы ў Instagram, такім чынам прыняўшы ўдзел у Тыдні перамогі і паразы, якую праводзіць Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Яна звязаная з яе першым у кар'еры залатым медалём чэмпіянату свету і адбылася ў Шанхаі.

- Я была ў вельмі добрай форме і настройвалася на дыстанцыю 50 м на спіне. Я была адным з лідараў і ведала, што магу не проста ўзяць медаль, а выйграць! Калі я выходзіла на старт, у прынцыпе, я была ўжо гатовая да гэтага, калі б не адно «АЛЕ!» Перад тым, як плыць фінал 50 м на спіне, у мяне быў паўфінал на 100 м вольным стылем. Я трапіла ў фінал самай апошняй, але для мяне гэтая дыстанцыя была не гэткая важная, на ёй я не займала нейкія высокія пазіцыі. Таму моцна не хвалявалася: трапіла ў фінал - выдатна! - падзялілася яна.

Герасіменя дадала, што затым яе напаткала горкае расчараванне, якое ў выніку паслужыла штуршком да іншай перамогі.

- І вось я выходжу на свой галоўны фінал 50 м на спіне, і разумею, што выціснутая як цытрына. Але я думаю: мне ж трэба, я хачу медаль, я дзеля гэтага сюды прыехала! Гэта ж колькі рыхтавалася! Я стартую, плыву, адчуваю, што нібыта ў лідарах, нягледзячы на тое, што вельмі стамілася. На апошнія метрах, я на нейкае імгненне затрымалася і ўсё - кранула борцік, па-мойму, пятой. Даслоўна сотыя секунды, якія «з'елі» мяне і медаль. Вы не ўяўляеце, якія ў мяне былі горыч, прыкрасць, смутак... Мне хацелася расплакацца, усё кінуць, забіцца кудысьці ў кут, - прызналася былая плыўчыха.

Аднак экс-спартоўка, якая цяпер узначальвае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, выбрала іншы шлях развязання праблемы, у выніку ён быў эфектыўным.

- Але замест гэтага я раптам падумала: добра, праз гэты дурны кроль, які быў перад 50 м, я прайграла і не здабыла медаль. Якія ў мяне яшчэ ёсць варыянты? Я сабралася, вельмі моцна раззлавалася, узяла ўсю сваю волю, якая толькі ў мяне была, і на наступны дзень выйшла на старт і выйграла золата, - распавяла Герасіменя, дадаўшы, што гэта стала для яе шокам.

Яна зрабіла выснову з гэтай гісторыі: калі мы зазнаем няўдачу, у нас ёсць выбар - акунуцца ў праблему і пачынаць у ёй капацца, ці адысці і паглядзець на сітуацыю з боку, каб лепш яе разгледзець.

Карыстальнікі прыйшлі ў захапленне ад аповеду, пакінуўшы шматлікія захопленыя каментары пад допісам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках