Урад Японіі: Ціманоўская знаходзіцца ў бяспецы
13- 2.08.2021, 9:51
- 9,912
Токіё будзе рэагаваць на сітуацыю належным чынам.
У МЗС Японіі паведамілі ТАСС, што аргкамітэт Алімпіяды ў Токіё і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) вывучаюць намеры беларускай спартоўкі Крысціны Ціманоўскай, якая не вылецела з Японіі насуперак патрабаванню трэнераў нацыянальнай каманды Беларусі.
«Нам вядома, што арганізацыйны камітэт Гульняў, МАК і іншыя адказныя арганізацыі цяпер прымаюць шэраг мер, уключаючы пацверджанне асабістых намераў гэтага чалавека. Мы ведаем, што Ціманоўская знаходзіцца ў бяспецы. Яна супрацоўнічае з адказнымі органамі і вядзе з імі абмеркаванне. Урад Японіі таксама са свайго боку супрацоўнічае з гэтымі зацікаўленымі арганізацыямі і працягне прымаць належныя меры ў будучыні», - адзначылі ва ўстанове.
Генеральны сакратар кабінета міністраў Кацунобу Като таксама пацвердзіў, што ўрад Японіі займаецца сітуацыяй з беларускай спартоўкай.
«Ціманоўская вядзе перамовы з органамі, якія маюць да гэтага дачыненне. Мы таксама супрацоўнічаем з імі і будзем рэагаваць на сітуацыю належным чынам», - сказаў ён.
Як паведаміў Міжнародны алімпійскі камітэт, Ціманоўская правяла ноч у гатэлі ў аэрапорце.