Казахстан рэкамендаваў сваім грамадзянам тэрмінова пакінуць Харкаўскую і Адэскую вобласці
3- 28.03.2024, 21:02
- 6,010
У апошнія тыдні расейскае войска наносіць рэгулярныя ўдары па Харкаве і Адэсе.
Улады заклікаюць грамадзянаў Казахстана пакінуць Адэскую і Харкаўскую вобласці Украіны ў сувязі з нестабільнай сітуацыяй з бяспекай, паведамляе амбасада краіны.
«У сувязі з ростам напружанасці і нестабільнай сітуацыяй з бяспекай у Адэскай і Харкаўскай абласцях Украіны, амбасада Рэспублікі Казахстан ва Украіне рэкамендуе грамадзянам Казахстана разгледзець магчымасць пакінуць гэтыя вобласці», – адзначаецца ў паведамленні.
Для выезду з Украіны казахстанцы могуць карыстацца наземнымі маршрутамі праз Польшчу ці Малдову, а пасля выкарыстоўваць авіязносіны для вяртання на радзіму.
«У выпадку выезду праз Польшчу, грамадзянам Казахстана неабходна мець шэнгенскую візу, для ўезду ў Малдову віза не патрэбная. Адначасова Амбасада заклікае ўсіх грамадзянаў не ігнараваць паветраную трывогу і неадкладна ісці ва ўкрыцце», – адзначылі ў амбасадзе.
У апошнія тыдні расейскае войска наносіць рэгулярныя ўдары па Харкаве і Адэсе. 15 сакавіка 21 чалавек загінуў і больш за 70 атрымалі раненні ў выніку ракетнага ўдару па Адэсе. Атака была праведзеная ракетамі «Іскандэр-М». У выніку пашкоджаныя 10 прыватных дамоў, газаправод і станцыя тэхабслугоўвання.
Напярэдадні расейскія вайскоўцы атакавалі Харкаў карэктаванымі авіябомбамі. Два ўдары прыпалі на Шаўчэнкаўскі раён. Пацярпелі сама меней 14 шматпавярховых дамоў, школа, інстытут неадкладнай хірургіі і адміністрацыйны будынак.
Да гэтага Харкаў пацярпеў ад масаванага нападу 22 сакавіка. Тады горад поўнасцю застаўся без святла. Складаная сітуацыя з забеспячэннем электраэнэргіяй захоўваецца да гэтага часу. У горадзе ўвялі веерныя адключэнні.
Нядаўна прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін дапусціў, што ў Харкаўскай вобласці можа быць створаная «санітарная зона», каб засцерагчы памежныя рэгіёны Расеі ад абстрэлаў і пранікнення дыверсантаў.
Пасля няўдалага контрнаступу УСУ Пуцін «адчуў слабасць» Украіны і нацэліўся на Харкаў, паведамілі «Медузе» блізкія да адміністрацыі прэзідэнта крыніцы. Паводле іх словаў, у Крамлі ўважаюць за «рэалістычную мэту» захоп гэтага горада, пасля чаго вайна можа паступова закончыцца, аднак інфармацыі, што пастанова пра наступ ужо прынятая, пакуль няма.