Больш за 600 нафтасвідравін Казахстана спынілі працу
2- 18.04.2024, 18:03
- 4,190
Праз паводку.
Больш за 600 нафтаздабываючых свідравін у Казахстане застаюцца непрацоўнымі праз паводкавую сітуацыю. Аб гэтым паведамляе казахстанскае выданне Orda са спасылкай на Міністэрства энэргетыкі краіны.
Перабоі ў працы ўзніклі на 634 свідравінах, да 18 красавіка 141 пляцоўка вярнулася да здабычы. Большая частка свідравін, якія спынілі працу, знаходзіцца ў Акцюбінскай вобласці. Здабычу не вядуць на 489 свідравінах рэгіёна.
На непрацуючых пляцоўках адпампоўваюць ваду, засыпаюць грунт, герметызуюць свідравіны, каб выратаваць іх ад затаплення.
Паводле звестак Orda, страты нафты ў Казахстане праз паводкі склалі 16 тысяч т.
Казахстанскія рэгіёны вясной сутыкнуліся з паводкай. У канцы сакавіка паводка пачалася ў Акцюбінскай вобласці. Паводле слоў прэзідэнта краіны Касым-Жамарта Такаева, паводка стала самым буйным стыхійным бедствам для Казахстана за апошнія 80 гадоў.
Да 17 красавіка колькасць выратаваных і эвакуяваных казахстанцаў перасягнула 116 тысяч. У пунктах часовага размяшчэння знаходзяцца амаль 7 тысяч чалавек.
Паводле звестак МНС Казахстана на 18 красавіка, падтопленымі застаюцца 5,7 тысячы жылых дамоў і 1,1 тысячы прысядзібных надзелаў у пяці абласцях рэспублікі. На 61 дарозе назіраюць пераліў, 60 населеных пунктаў застаюцца без транспартных злучэнняў. Улады краіны накіруюць на выплаты пацярпелым ₸1 млрд.