Колькі каштуе адпачынак у беларускім санаторыі?
5- 19.04.2024, 9:44
- 8,920
Прапановы і кошты вясенне-летняга сезона.
У летні сезон у айчынных санаторыях назіраецца небывалы ажыятаж. Варыянтаў санаторнага адпачынку ў нашай краіне дастаткова. Ёсць здраўніцы як прэміум-класа, так і больш сціплыя коштам варыянты. Іншымі словамі, можна падабраць на ўсялякі густ і бюджэт.
Myfin.by высветліў, колькі будуць каштаваць тур у санаторыі ў траўні і ў пачатку лета, а таксама ці ёсць яшчэ свабодныя нумары.
«Світанак-Любань»
Санаторый знаходзіцца на тэрыторыі Любанскага раёна Менскай вобласці ў сасновым бары. Тут ёсць мінеральная крыніца, гаючыя гразі і нават міні-басейн з мінеральнай вадой, якая мае канцэнтрацыю солі, аналагічную той, што ў Мёртвым моры.
Што тычыцца свабодных нумароў, у аддзеле рэзервавання адказалі: на май іх засталося няшмат. Напрыклад, з 14 траўня да 3 чэрвеня можна засяліцца ў двухасабовы двухпакаёвы нумар. Яго кошт на дваіх 262 рублі за дзень. У цану ўваходзіць трохразовае харчаванне і пяць тыпаў лячэння.
З канца траўня ёсць двухасабовыя нумары ў катэджы - 82 рублі за дзень на аднаго чалавека. Але тут няма выгод. Пражыванне ў двухасабовым нумары ў другім корпусе - 89 рублёў за дзень на аднаго чалавека.
Дарэчы, маюцца зніжкі на ранняе рэзерваванне: за 35 дзён да заезду - 5%, за 60 дзён да заезду - 10%.
«Баравое»
Знаходзіцца ў Віцебскай вобласці (вёска Будачы), у сасновым бары на беразе прыгожага возера. На тэрыторыі ёсць крыніца мінеральнай вады. Адпачывальнікам прапануецца два тыпы харчавання: заказное меню і швэдскі стол. З забаў: пракат ровараў, лодак, рыбалка, кінатэатр, дыскатэкі.
На травень яшчэ ёсць месцы. Аднаасабовы аднапакаёвы нумар без балкона абыдзецца на 183 рублі пры харчаванні «заказное меню», а пры харчаванні «швэдскі стол» — 193 рублі на чалавека. Па прыездзе аплачваецца курортны збор - 5% ад кошту тупу.
Калі вы не вельмі патрабавальныя і хочаце кошт сціплейшы, можна размясціцца ў нумары на чацвёртым паверсе, дзе мансардныя вокны. Але улічвайце, што ліфта няма і нумар зусім невялікі. Тут ёсць «акенцы» з 24 траўня на восем начэй. Аднаасабовы нумар - блізу 142 рублёў за дзень.
«Альфа-Радон»
Гэта санаторый сегмента «люкс». Таму нядзіўна, што кошты «кусаюцца». Інфраструктура, харчаванне, сэрвіс - рэальна адпавядаюць самым высокім запытам.
У кошт тура ўключанае трохразовае харчаванне паводле сістэмы «шведскі стол», безлімітнае наведванне аквазоны, трэнажорнай залы і першасны прыём лекара-тэрапеўта. Пры рэзерваванні тура ад шасці начэй лячэнне будзе ўваходзіць у кошт, да шасці начэй - не.
Кошт пытання: пражыванне ў нумары single у канцы траўня каштуе блізу 330 руб. з чалавека за дзень, у single plus - 347 рублёў за дзень.
У канцы траўня тур з пражываннем у нумары single plus і лячэннем на дзесяць начэй абыдзецца прыкладна на 4450 рублёў на чалавека.
Асобна ў санаторыі можна набыць спа-працэдуры.
«Ружанскі»
Санаторый знаходзіцца ў Берасцейскай вобласці каля возера Паперня, недалёка ад пасёлка гарадскога тыпу Ружаны.
Асноўныя профілі здраўніцы: сардэчна-сасудзістая сістэма, апорна-рухальны апарат, жаночыя палавыя органы і органы малога таза, касцёва-цягліцавая сістэма, эндакрынная сістэма і органы дыхання і кровазвароту.
Аднаасабовых вольных нумароў у траўні амаль не засталося. Але ў санаторыі прапануюць размяшчэнне на найбліжэйшы месяц у двухпакаёвым сямейным нумары. Кошт пытання - 164 рублі за дзень з чалавека, з двух - 328 рублёў. У кошт уваходзіць трохразовае харчаванне, пражыванне і лячэнне.
У чэрвені, як паінфармавалі ў аддзеле рэзервавання, аднаасобвых вольных нумароў амаль няма. З канца чэрвеня пражыванне ў двухпакаёвым стандартным нумары абыдзецца з чалавека на 177 рублёў за дзень з лячэннем. У пачатку чэрвеня ёсць магчымасць размясціцца ў двухасабовым нумары «стандарт плюс». Кошт - 200 рублёў за дзень з чалавека.
«Сосны»
Здраўніца размешчана на беразе возера Нарач, побач прыгожае возера Белае. У санаторыі ёсць шмат магчымасцей для актыўнага адпачынку. Спортінвентар можна ўзяць напракат: лодкі, катамараны, веласіпеды, самакаты, бадмінтон, дартс, мяч валейбольны, мяч футбольны і іншае.
Санаторый спецыялізуецца на захворваннях сістэмы кровазвароту, касцёва-цягліцавай сістэмы, органаў дыхання, стрававання, нервовай і мочапалавой сістэмы. Таксама тут можна проста адпачыць і ўмацаваць здароўе, ёсць кароткія праграмы выхаднога дня і аздараўленчыя праграмы тыпу «Рэлакс» і «Перазагрузка».
Спыніцца тут можна ў карпусах ці ў катэджах. Аднаасабовы нумар у траўні абыдзецца на 211 рублёў, месца ў двухасабовым нумары - 175 рублёў за дзень.
З 15 чэрвеня будзе іншы прайс - кошты вышэйшыя. Аднаасабовы - 266 рублёў, месца ў двухасабовым нумары - 230 рублёў.
Санаторна-курортны тур уключае пражыванне, харчаванне, ЛФК, масаж, басейн, травяны аздараўленчы чай і мінеральную ваду штодня, водалячэнне, цеплалячэнне, электрасвятломагнітатэрапію.
«Прыдняпроўскі»
Санаторый размясціўся ў маляўнічых мясцінах Гомельскай вобласці. Мае вялізную дагледжаную тэрыторыю на беразе Дняпра. «Прыдняпроўскі» - гэта папулярная бальнеагразевая здраўніца Беларусі. Адзначым, што на тэрыторыі санаторыя ёсць крама, кавярня і бар.
У траўні пражыванне ў аднаасабасабовым стандартным нумары - ад 100 рублёў (з чэрвеня - ад 110 рублёў) за дзень. Але трэба разумець, што калі вы прыехалі на адпачынак адзін, то да вас у нумар некага падселяць.
Пражыванне ў люксе «палепшаным» каштавацьме 161 рубель з чалавека. У гэтым нумары ёсць магчымасць трох- і чатырохмясцовага размяшчэння.
Як нас праінфармавалі ў аддзеле рэзервавання, аднаасабовых нумароў няма да канца жніўня. Са слоў супрацоўнікаў, як толькі пачынаецца рэзерваванне, гэтыя нумары разбіраюцца найперш.