Шры-Ланка змяніла правілы выдачы віз
4- 19.04.2024, 16:26
- 4,698
Што трэба ведаць беларусам.
Турыстам замест электроннага дазволу (ETA) на ўезд у Шры-Ланку зараз трэба загадзя атрымаць электронную візу. Падаць заяву можна на сайце www.srilankaevisa.lk.
З 17 красавіка краіна перайшла з сістэмы ЕТА на eVisa. Аднак, як і раней, беларускія турысты змогуць запоўніць анкету на сайце і атрымаць візу па прылёце, піша officelife.media.
Турыстычная віза на 30 дзён каштуе беларусам $50 пры афармленні загадзя. Пры гэтым трэба яшчэ ўнесці сэрвісны збор $18,5. Акрамя гэтага, давядзецца аплаціць збор за апрацоўку заявы. Як паведамляе расейская Асацыяцыя тураператараў, ён каштавацьме $3,11.
Мяркуючы па інфармацыі на сайце srilankaevisa.lk, электронная турыстычная шматразовая віза на год з лімітам знаходжання 90 дзён зараз каштуе $200, а на шэсць месяцаў з лімітам знаходжання ў краіне 60 дзён - $75.
Паводле звестак управы развіцця турызму Шры-Ланкі, у 2023 годзе ў іх адпачылі амаль 11 тысяч беларусаў. Годам раней - 3,6 тысячы. Гэта значыць, кірунак стаў карыстацца вялікім попытам.
Наўпроставых авіярэйсаў з Менска на Шры-Ланку няма. Турысты лётаюць праз Абу-Дабі, Маскву, Дубай у ААЭ і Доху ў Катары.