13 траўня 2024, панядзелак, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паэт і паўстанец: сёння – дзень памяці Францішка Багушэвіча

1
Паэт і паўстанец: сёння – дзень памяці Францішка Багушэвіча
ФРАНЦІШАК БЕНЕДЫКТ БАГУШЭВІЧ

Яму належаць словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай».

Францішак Бенедыкт Багушэвіч - беларускі паэт, адзін з удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Прадстаўнік грамадскай думкі Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік. Працаваў пад псеўданімамі: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава. Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Ф. Багушэвіча абудзілі нацыянальную самасвядомасць беларусаў. Яго ідэйная спадчына з'яўляецца падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.

Яму належаць словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».

Нарадзіўся ў сям'і збяднелага двараніна Казіміра Багушэвіча ў фальварку Свіранах Завілейскага (Свянцянскага) павету, Віленскай губерні. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1861 годзе. У тым жа годзе паступіў у Пецярбуржскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у паселішчы Доцішках.

Ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута (паўстанне 1863—1864 гадоў). Пасля разгрому паўстання жыў ва Украіне, вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Працаваў адвакатам - абаронцам правоў сялянства. Пасля амністыі для ўсіх удзельнікаў паўстання, прымеркаванай да ўзыходжання на трон Аляксандра ІІІ, пераехаў з сям'ёй у Вільню. Працаваў у адвакацкай канторы, пісаў артыкулы ў часопіс «Край». Пасля звальнення жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупранах Ашмянскага раёна.

Вытокі творчасці Ф. Багушэвіча - у грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з найлепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі. Заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Выдаў два зборнікі вершаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» ў Аўстра-Венгрыі.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў XIX - пачатку XX ст. Павал Церашковіч мяркуе, што Багушэвіч сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю, а прадмову да «Дудак» можна ўважаць тыповым нацыянальным маніфестам.

На думку беларускага гісторыка Аляксандра Смалянчука, літаратурная дзейнасць Багушэвіча моцна паўплывала на афармленне беларускай культурнай традыцыі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках