У Нямеччыне расеец зарэзаў двух украінцаў
26- 28.04.2024, 12:22
- 14,954
Паліцыя высвятляе матывы злачынства.
У суботу, 27 красавіка, у нямецкім горадзе Мурнау ў Баварыі забілі двух украінцаў. Праваахоўнікі ў зробленым падазраюць грамадзяніна Расейскай Федэрацыі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Паўднёвай паліцыі Верхняй Баварыі.
Інфармацыя пра двух цяжка параненых мужчын паступіла ў паліцыю а 17:20. Паводле звестак следства, іх з нажавымі раненнямі знайшлі на тэрыторыі гандлёвага цэнтра. 36-гадовы мужчына ад атрыманых цяжкіх траўм памёр на месцы яшчэ да прыезду экстранных службаў. Іншы пацярпелы, якому было 23 гады, нягледзячы на намаганні медыкаў, памёр у лякарні ў той жа вечар. Абодва жылі ў раёне Гарміш-Партэнкірхен.
Праваахоўнікі адшукалі і затрымалі падазраванага. Ім выявіўся 57-гадовы грамадзянін Расеі, які жыў непадалёк ад месца злачынства. Крымінальная паліцыя расследуе падвойнае забойства. Устанаўліваецца дакладны ход падзей, перадумовы і матывы забойства. Праваахоўнікі звяртаюцца да грамадскасці з просьбай прадставіць інфармацыю для высвятлення абставін трагедыі. Сведкаў просяць паведаміць пра магчымую сварку і іншыя падзеі, якія папярэднічалі забойству.
У нядзелю, 28 красавіка, суд будзе абіраць яму меру стрымання. Пракуратура хадайнічае аб арышце расейца.