12 траўня 2024, Нядзеля, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адзін з найбагацейшых людзей Ізраіля зачыняе знакавую кампанію ў Беларусі

2
Адзін з найбагацейшых людзей Ізраіля зачыняе знакавую кампанію ў Беларусі

Сыходзіць кампанія з ПВТ, якая дала штуршок для развіцця IT-галіны.

У Беларусі ліквідуецца чарговы знакавы рэзідэнт Парку высокіх тэхналогій – кампанія «Скайвінд Тэк Бай». Інфармацыя пра гэта змешчаная ў Адзіным дзяржрэгістры. Гэтая фірма ўваходзіла ў адзін з найбуйнейшых у свеце холдынгаў у распрацоўцы гульнявога кантэнту і ідэяў для анлайн-казіно Skaywind Group. Ён належыць ізраільскаму мільярдэру Тэдзі Сагі. Раней «Скайвінд Тэк Бай» называлася «Віядэн Медыя» і была праектам двух самых вядомых сучасных IT-прадпрымальнікаў беларускага паходжання Віктара Пракапені і Юрыя Гурскага.

Пра тое, што Skaywind Group ліквідуе сваю даччыную кампанію «Скайвінд Тэк Бай» і дэ-юрэ зачыняе яе офіс у Менску, сведчаць звесткі з Дзяржаўнага рэестра плацельнікаў. Гэта таксама пацвярджаецца звесткамі на сайце Міністэрства падаткаў і збораў. Згодна з імі, адпаведная пастанова ўласнікам была прынятая ў канцы студзеня сёлета.

Хоць праблемы ў «Скайвінд Тэк Бай» пачаліся яшчэ ў 2022 годзе.

У сярэдзіне 2022 года прыкладна пятая частка супрацоўнікаў менскага офіса Skaywind Group (тады ў ім працавала 170 з 600 чалавек міжнароднай каманды) атрымала апавяшчэнні пра перавод іх на 4-гадзінны працоўны тыдзень і зніжэнне ў сувязі з гэтым на 90% заробку. У тлумачэнні мэнэджмэнту паведамлялася, што робіцца гэта праз рост канкурэнцыі, сканчэнне пандэміі і нестабільную палітычную абстаноўку ва Усходняй Еўропе, якая прывяла да эканамічных санкцый. Праз цяжкасці паступлення сродкаў ад замежнага контрагента «Скайвінд Тэк Бай» прыпыніла тады выпуск гульняў.

Стварэнне праграмаў для мабільных платформаў і сацыяльных сетак з 2006 года было галоўным кірункам для яе папярэдніцы – кампаніі «Віядэн Медыя» (Viaden Media).

Гэты бізнэс стварыў у пачатку 2001 тады мала яшчэ каму вядомы бізнэсовец Віктар Пракапеня. Першапачаткова ён займаўся распрацоўкай праграмнага забеспячэння на замову. Але ў сярэдзіне 2000-х, улавіўшы попыт, адным з першых перайшоў на распрацоўку ўласных праграмаў для iPhone і iPad. Тады ж мінарытарыем кампаніі, які адказвае за гэты кірунак, стаў Юрый Гурскі.

«Віядэн Медыя» стаяла ля вытокаў стварэння Парку высокіх тэхналогій. Яго рэзідэнтам яна стала ў пачатку 2007 года і запісана ў ягоны рэестр пад № 21.

У 2011 годзе на дынамічнае развіццё бізнэсу звярнуў увагу заснавальнік пастаўшчыка праграмнага забеспячэння для анлайн-казіно кампаніі Playtech Тэдзі Сагі. Перамовы Пракапені і Гурскага з ім у 2012 годзе закончыліся ўгодай, якая аб'ёмам (95 млн еўраў) да 2020 года (да продажаў Easybrain і Melsoft) была найбуйнейшай у беларускай IT-галіне. Купля-продаж «Віядэн Медыя» і цяпер уваходзіць у топ-20 найбуйнейшых за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Найважнейшым вынікам гэтай угоды стала тое, што беларускім IT-сектарам зацікавіліся іншыя сусветныя інвестары. Продаж «Віядэн Медыя» Тэдзі Сагі выклікаў ланцуговую рэакцыю новых угодаў з удзелам сусветнай тэхналагічнай эліты – Google, Facebook, Mail.Ru Group, IAC, ServiceNow, Embracer Group, Pinterest і інш. І спрыяў ператварэнню Беларусі ў адзін з сусветных цэнтраў распрацоўкі IT-прадуктаў, якім яна здолела прабыць да канца 2020 года.

Новы ўладальнік «Віядэн Медыя» падзяліў набыццё на два падраздзяленні – Skaywind і Sports.com. На базе першага была сфармаваная Skaywind Group – адзін з яго шматлікіх бізнэсаў, які спецыялізуецца на распрацоўцы мабільных і сацыяльных гульняў для азартнай індустрыі.

На афіцыйным сайце групы пазначана, што за гэты час яе офісамі створана больш за 200 гульняў, яна мае 7 ліцэнзій краінавых рэгулятараў у гульнявой галіне і штат 600 чалавек. Офіс у Беларусі пакуль яшчэ згадваецца нароўні з падраздзяленнямі ў Вялікай Брытаніі, Украіне, Мальце, Румыніі, Аўстраліі, на Кіпры і на Філіпінах.

Уладальнік Skaywind Group Тэдзі Сагі (галоўныя ягоныя актывы – Labtech London, Kape і лонданскі квартал Camden Market) у апошняй версіі рэйтынгу мільярдэраў, складзенага Forbes сёлета, заняў 432-е месца ў свеце і 5-е – у Ізраілі. Ягонае багацце ацэненае на 6,4 млрд даляраў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках