Белы дом паскорыў увядзенне эмбарга на імпарт урану з РФ
1- 30.04.2024, 11:38
- 1,678
Пакуль што закон захрас у Сэнаце ЗША.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пачала працаваць над эмбарга на пастаўкі ўзбагачанага ўрану з Расеі. Гэта адбылося пасля таго, як адпаведны законапраект "захрас" у Сэнаце, распавялі Bloomberg знаёмыя з пытаннем крыніцы.
З іх слоў, цяпер перамовы аб забароне імпарту вядуць чыноўнікі з Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома, Міністэрства энэргетыкі і іншых ведамстваў. Аднак канчатковая пастанова пакуль не прынятая.
Пры гэтым чыноўнікі з Белага дома і прадстаўнікі атамнай прамысловасці ўсё яшчэ хочуць, каб забарона была ўведзеная з дапамогай законапраекта, які павінен ухваліць Сэнат. У гэтым выпадку яго будзе больш складана скасаваць, тлумачаць крыніцы.
Законапраект аб забароне на імпарт расейскага ўрану Палата прадстаўнікоў ухваліла яшчэ ў снежні 2023 года. Затым ён паступіў у Сэнат, але там не ўдалося яго прыняць у паскораным рэжыме праз працэдурныя правілы. Пасля гэтага Сэнат пайшоў на зімовыя вакацыі і ініцыятыва завісла.