19 траўня 2024, Нядзеля, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай атакаваў гелікаптэр ВМС Аўстраліі

10
Кітай атакаваў гелікаптэр ВМС Аўстраліі

Пекін паўтарыў тактыку РФ.

Кітай становіцца ўсё больш агрэсіўным у сваім рэгіёне. У суботу кітайскі знішчальнік скінуў свае цеплавыя пасткі на вайсковы гелікаптэр ВМС Аўстраліі, які патруляваў акваторыю Жоўтага мора. Пра гэта паведамляе Reuters.

Са слоў міністра абароны Аўстраліі Рычарда Марлеса, гелікаптэр MH60R Seahawk здзяйсняў звычайны палёт у Жоўтым моры ў рамках аперацыі забеспячэння выканання санкцый ААН супраць Паўночнай Карэі. Падчас гэтага палёту рэактыўны самалёт ВПС Кітая J-10 скінуў на яго цеплавыя пасткі, якімі звычайна абараняюцца ад ракет з цеплавым навядзеннем. І хаця, як сцвярджаецца, пасткі былі скінутыя па курсе палёту гелікаптэра на далёкасці 300 метраў, дзеянні кітайскага пілота ў Аўстраліі назвалі вельмі небяспечнымі, бо інцыдэнт мог прывесці да падзення гелікаптэра.

Як адзначае Reuters, гэта другі такі інцыдэнт за шэсць месяцаў, які сапсаваў працэс збліжэння паміж дзвюма краінамі пасля гадоў напружаных дачыненняў і гандлёвых спрэчак. У лістападзе кітайскае ваенна-марское судна параніла некалькіх аўстралійскіх вадалазаў у японскіх водах з дапамогай гідралакатара. Кітай адмаўляў выкарыстанне свайго гідралакатара, аднак Аўстралія адхіліла гэтае тлумачэнне.

Аналітыкі выдання Defense Express звярнулі ўвагу, што дзеянні кітайскага знішчальніка максімальна паўтараюць дзеянні расейскіх пілотаў, якія скідалі цеплавыя пасткі перад амерыканскім БПЛА MQ-9 Reaper у паветранай прасторы Сірыі. А ў сакавіку мінулага года над нейтральнымі водамі Чорнага мора расейскі знішчальнік нават пратараніў аналагічны дрон, спрабуючы заліць яго палівам з бакаў: у выніку беспілотнік упаў у мора.

«Абодва выпадкі не прывялі да рэакцыі ў адказ з боку ЗША, што стала «зялёным святлом» ужо для Кітая, які пайшоў далей і ажыццявіў скід пастак ужо не перад БПЛА, а перад пілатаваным гелікаптэрам. Але наўрад ці і ў гэтым выпадку будзе рэакцыя ў адказ», - адзначаюць аналітыкі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках