20 траўня 2024, панядзелак, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў СССР 17 год не святкавалі Дзень перамогі?

41
Чаму ў СССР 17 год не святкавалі Дзень перамогі?

Прычыну ведаюць не ўсе.

Сучаснае пакаленне, якое ўбачыла святло яшчэ пры СССР і нават у першыя два дзесяцігоддзі пасля яго раскідання, памятае 9 траўня, як нязменны выходны ў гонар Дня перамогі. На свята арганізоўваліся народныя гулянні, а ў вялікіх гарадах праходзілі вайсковыя парады.

Аднак менавіта ў савецкія часы на Дзень перамогі амаль ніколі не ладзілі парадаў, а на працягу цэлых 17 гадоў гэты дзень нават не быў выходным. OBOZ.UA тлумачыць, у чым была прычына.

Гісторыя ўвядзення свята

У СССР 9 траўня абвясцілі святам яшчэ нават да таго, як Нямеччына афіцыйна падпісала Акт аб безумоўнай капітуляцыі. Пастанова была прынятая Прэзідыумам Вярхоўнага Савета Саюза 8 траўня 1945 года. Больш за тое, гэтую дату тады ж аб'явілі непрацоўным днём.

Яшчэ адзін Дзень перамогі ў Краіне Саветаў святкавалі 3 верасня - у дзень, калі капітулявала Японія і Другая сусветная вайна была канчаткова закончаная. Яго, паводле пастановы ад 2 верасня 1945 года, святкавалі ўсяго тройчы, пасля чаго ад свята адмовіліся.

Чаму ў 1947 годзе Сталін скасаваў Дзень перамогі.

Урадавая пастанова аб скасаванні абедзвюх святочных дат і адпаведных выходных дзён у СССР была выдадзеная 24 снежня 1947 года. Пра сапраўдныя яе прычыны гісторыкі спрачаюцца дагэтуль. Адны гавораць, што сталінскі ўрад пайшоў на гэта з-за пачатку халоднай вайны з захадам. Эканамічная сітуацыя ў Саюзе рэзка пагаршалася і грошай на ўрачыстасці не ставала. А існыя сродкі імкнуліся выдаткоўваць на пасляваеннае аднаўленне і перазапуск прамысловасці. Сяро іншага вайсковай, бо халодная вайна патрабавала таксама і новай гонкі ўзбраенняў.

Іншая версія больш палітычная. Пасля вайны паміж генеральным сакратаром КПСС Іосіфам Сталіным і маршалам Георгіем Жукавым абвастрыўся канфлікт. Кіраўнік краіны ўважаў аўтарытэтнага военачальніка прамой пагрозай сваёй уладзе. Таму ён скасаваў свята, каб лішні раз не нагадваць грамадзянам аб заслугах свайго канкурэнта - у СССР Жукава называлі маршалам перамогі.

Вяртанне Дня перамогі

Аднавіць свята спрабавалі пасля смерці Сталіна, калі кіраўніком СССР стаў Мікіта Хрушчоў. Той праводзіў палітыку дэсталінізацыі і адмову ад культу асобы правадыра. Таму прапановы вярнуць Дзень перамогі адпрэчваў, аргументуючы гэта тым, што свята будзе нагадваць усім, хто перажыў вайну, менавіта пра Сталіна. А гэта супярэчыла курсу, які абраў новы генеральны сакратар.

Святочную дату аднавіў ужо Леанід Брэжнеў. У 1965 годзе ён у гонар 20-годдзя перамогі над Нямеччынай вярнуў у каляндар свята 9 траўня, зрабіў гэты дзень выходным і нават правёў юбілейны парад на Чырвоным пляцы Масквы.

Біёграфы Брэжнева таксама ўказваюць, што той любіў пышныя дзяржаўныя святкаванні за тое, што яны давалі яму магчымасць прадэманстраваць шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды, якімі ён сам сябе ўзнагародзіў. Таму генеральны сакратар не так моцна вагаўся наконт вяртання Дня перамогі, як ягоны папярэднік. Да таго ж за 20 гадоў паспела падрасці пакаленне, якое не ведала вайны і ўсіх звязаных з ёй палітычных нюансаў.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках