СМІ: Пуцін вярнуў Суравікіна з «афрыканскай высылкі»
7- 9.05.2024, 11:59
- 12,608
У Расеі рыхтуецца новая мабілізацыя?
Расейскі генерал Сяргей Суравікін, адхілены ад пасады камандзіра ВКС РФ пасля леташняга няўдалага бунту завадатара ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, відавочна, вяртаецца ў Расею з «афрыканскай высылкі».
Прынамсі, пра гэта актыўна пішуць Z-каналы, піша «Осторожно, новости».
Яны публікуюць відэа, на якім "генерал Армагедон" ляціць у самалёце.
Аб магчымым вяртанні Суравікіна ў РФ прапагандысты пісалі яшчэ на мінулым тыдні. Яны паведамлялі, што ссыльнаму генэралу падрыхтавалі новую пасаду, але не ўдакладнялі, якую менавіта.
Чуткі падагравалі свежыя фота Суравікіна, які не з'яўляўся ў публічнай прасторы пасля згаданага бунту.
Цяпер жа ў Z-каналах паведамляецца, што пасля “інаўгурацыі” расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна Суравікіна, якая адбылася напярэдадні, могуць прызначыць на пасаду начальніка Генштаба УС РФ, дзе ён заменіць Валерыя Герасімава.
У сваю чаргу, на пасаду міністра абароны РФ, якую зараз займае Сяргей Шайгу, нібыта прызначаць губернатара Тульскай вобласці Аляксея Дзюміна.
Мяркуецца, што Дзюмін быў адным з арганізатараў перамоў з Прыгожыным падчас паходу "вагнераўцаў" на Маскву.
Паводле інфармацыі Z-ваенкара Раманава, кандыдатуры Суравікіна і Дзюміна разгледзяць да 15 траўня. Потым у РФ плануюць абвясціць новую хвалю мабілізацыі.