Рэпера Аксімірона абвясцілі ў вышук у Расеі
5- 9.05.2024, 20:07
- 9,964
Паводле крымінальнага артыкула.
МУС Расеі абвесціла рэпера Аксімірона ў вышук. Увагу на гэта звярнула «Медыязона».
У картцы вышуку гаворыцца, што музыку шукаюць паводле артыкула Крымінальнага кодэкса. Яго нумар не ўдакладняецца.
Аксімірон выступае супраць расейскага ўварвання ва Украіну. Пасля пачатку вайны ён з'ехаў з Расеі і даў серыю дабрачынных канцэртаў «Расейцы супраць вайны». Заробленыя на выступах грошы рэпер перавёў у фонд, які дапамагае ўкраінскім уцекачам.
У кастрычніку 2022 года расейскія ўлады абвясцілі Аксімірона замежным агентам. У 2023 годзе яго двойчы штрафавалі за невыкананне абавязкаў «іншаагента», адзначае «Медыязона». Трэцяе парушэнне цягам года пагражае крымінальнай справай.
У снежні 2022 года суд аштрафаваў рэпера паводле артыкула аб дыскрэдытацыі войска праз відэа з асуджэннем вайны ва Украіне.
Таксама расейскія ўлады забаранілі дзве песні Аксімірона – «Апошні званок» (як экстрэмісцкую, на іх думку) і «Ойда» (як сепаратысцкую, таксама на іх думку).