20 июня 2018, ср 5:02

бел рус eng

«Нацыя, якая перажыла два таталітарныя рэжымы — проста непераможная»

17:09 13.03.2018 — Политика

Слуцкі збройны чын — такая ж важная падзея, як абвяшчэньне БНР.

Актывістка Аліна Нагорная пагутарыла з ветэранам беларускага нацыянальнага руху Вячаславам Сіўчыкам пра Слуцкі збройны чын.

- Чаму варта памятаць пра Слуцкіх паўстанцаў?

- Зараз надыходзяць вельмі важныя юбілеі. У 2020 годзе будзе стагодзьдзе Слуцкага збройнага чыну. Гэта адно з самых масавых выступаў у абарону беларускай незалежнасьці, ідэяў Беларускай Народнай Рэспублікі. Даўно склалася традыцыя сьвяткаваць угодкі гэтай падзеі, прыжыўся назоў сьвята — Дзень Герояў. І вельмі добра, што БНФ удалося наладзіць годнае сьвяткаваньне ўжо ў навейшы час Беларусі. За гэта ў першую чаргу трэба дзякаваць прафэсару гісторыі Анатолю Грыцкевічу, які першым уздымаў гэтую тэму. А таксама тым актывістам, якія пасьпелі паставіць тры памятныя крыжы: у Грозаве, Семежаве і Вызьне. Яны былі ўсталяваныя да часу Лукашэнкі і мелі дзяржаўны ахоўны статус.

- Якія асобы паўстаньня вас асабліва натхняюць?

- Адно з такіх імёнаў, якое павінныя ведаць усе беларусы, гэта імя героя паўстаньня Юркі Лістапада. Зь яго пачаўся разгром так званай «нацдэмаўшчыны: тых беларусаў, якія спрабавалі пры камуністычным панаваньні адрадзіць беларускую дзяржаву.

Дарэчы, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» цесна зьвязаны менавіта з Слуцкім паўстаньнем. Таму мне было заўсёды вельмі прыемна, што існуюць актывісты, якія зьвязваюць свой асабісты лёс з тым, што іх дальнія сваякі, ці проста людзі, якія маюць такія ж прозьвішчы, прымалі ўдзел у Слуцкім збройным чыне. Такім чынам праяўляецца пераемнасьць абсалютна розных пакаленьняў беларускага нацыянальнага руху.

На вялікі жаль, тыя палітычныя задачы, якія ставіліся Радай Случчыны, не былі выкананыя, бо ў той момант Рада адстойвала беларускія інтарэсы. Гэта ня толькі БНР як дзяржава, гэта і сацыяльныя правы. Сёньня мы засталіся на тым жа этапе. Таму для нас Слуцкі збройны чын з’яўляецца такой жа сур’ёзнай і актуальная датай, як і Дзень Волі 25 сакавіка. Таксама важныя і тыя даты, якія зьвязаныя з аднаўленьнем нашай дзяржаўнасьці ўжо ў часы распада Савецкага Саюзу — Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня, таксама 25 жніўня — дзень, калі фактычна была адноўленая нашая дзяржаўнасьць. І, натуральна, 8 верасьня — дзень беларускай вайсковай славы. Гэта асноўныя даты беларускага нацыянальнага календара. Ва ўмовах, у якіх мы сёньня апынуліся, гэтыя даты важна памятаць.

- Што трэба рабіць каб захаваць памяць пра Слуцкі збройны чын?

- Інфармацыі ніколі не бывае мала. Трэба каб больш людзей далучалася да тых акцыяў, што ўжо сталіся традыцыйнымі. І адначасова шукаць новы формат, бо шмат што мы зараз не дарабляем.

Ва ўмовах дыктатуры, што склалася пры Лукашэнку, менавіта культурніцкая дзейнасьць мае асаблівую вартасьць. Ёсьць і сьпісы паўстанцаў, і вёскі, адкуль яны былі мабілізаваныя — гэта будзе цікава мясцовым жыхарам. Вядомыя лёсы канкрэтных слуцкіх паўстанцаў, біяграфіі. Арганізацыі Случчыны дастаткова добра апісаныя ў літаратуры. Нягледзячы на антыбеларускасьць сёньняшняй улады, трэба шукаць тыя кропкі, дзе мы можам нешта рабіць разам. І рабіць. Падкрэсліваць, што беларусы змагаліся за сваю незалежнасьць і працягваюць змагацца. Бо сьвяткаваньне Дня Герояў ёсьць таксама змаганьнем за незалежнасьць.

У Беларусі трэба мець беларускую ўладу, каб паставіць помнік героям Слуцкага збройнага чыну. Пры сёньняшней уладзе гэта немагчыма. Прычым, які б пэсымізм сёньня б не панаваў на нашых абшарах, рана ці позна гэта здарыцца. Бо тая нацыя, якая здольная была перажыць 20-е стагодзьдзе з дзьвума імпэрыялістычнымі войнамі, з жахлівымі рэпрэсыямі двух таталітарных рэжымаў — яна проста непераможная.