29 марта 2024, пятница, 10:00
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Беларусь можа ганарыцца, што дала сьвету такога чалавека»

3
«Беларусь можа ганарыцца, што дала сьвету такога чалавека»
Андрэй Жук

Паляк пра свайго баявога пабраціма.

У панядзелак у Парыжы разьвіталіся з трынаццацьцю францускімі вайскоўцамі, якія загінулі тыдзень таму ў Малі. Сярод іх быў беларус, старшы сяржант Францускага замежнага легіёну Андрэй Жук. Свабода паразмаўляла з былым саслужыўцам зaгінулага беларуса.

Нацыянальная цырымонія разьвітаньня, Парыж

Што такое Замежны легіён

Légion étrangère — гэта вайсковае злучэньне, якое ўваходзіць у склад сухапутных сіл Францыі.

Ён быў створаны ў 1831 годзе. Легіён забаронена выкарыстоўваць на тэрыторыі мэтраполіі.

Легіён камплектуецца ў першую чаргу грамадзянамі замежных дзяржаваў, якія нясуць службу ў інтарэсах Францыі.

Колькасьць легіёну складае ў дадзены момант прыкладна 9 тыс. вайскоўцаў.

Андрэй Жук

43-гадовы Андрэй Жук загінуў падчас няшчаснага здарэньня ў баявой апэрацыі супраць джыгадыстаў. Адбылося сутыкненьне двух верталётаў, у выніку якога загінулі 13 францускіх вайскоўцаў, сярод якіх быў і беларус.

Малі — гэта слабая дзяржава з магутным унутраным бязладзьдзем. Ужо больш за 6 гадоў ісламісты спрабуюць захапіць там уладу. Ісламскія радыкалы, зьвязаныя з «Ісламскай дзяржавай», хочуць увесьці там свае парадкі. І менавіта гэта стала прычынай францускай кампаніі супраць іх.

Місія ў Малі была далёка ня першай для беларуса. Свой першы кантракт на службу ў францускім Замежным легіёне Жук падпісаў 30 студзеня 2008 году. У 2016 годзе ён прайшоў жорсткі адбор для службы ў горнастралковых спэцыяльных падразьдзяленьнях. Пасьля году спэцпадрыхтоўкі беларус паступіў на службу ў элітнае падразьдзяленьне 27-й горнастралковай брыгады.

Андрэй Жук — быў кавалерам бронзавага крыжа «За вайсковую мужнасьць» (Croix de la Valeur militaire) і некалькіх мэдалёў.

«Мы размаўлялі на польска-беларускай мяшанцы»

Ягоны былы калега па службе, паляк Анджэй Охал, службу ў Замежным легіёне завяршыў яшчэ ўлетку 2010 году, пасьля першага пяцігадовага кантракту. Ён вырашыў не заставацца ў Легіёне і вярнуўся дадому. Андрэй Жук вырашыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Сваю службу ён пачаў ад званьня звычайнага легіянэра і даслужыўся да старэйшага сяржанта (sergent-chef), якое яму прысвоілі ў студзені 2018 году.

Анджэй Охал

«Гэта вельмі пасьпяховая кар’ера. Андрэй яе заслужыў, бо быў вельмі добрым жаўнерам. Калі я вяртаюся ўспамінамі ў тыя часы, то твар Андрэя прыгадваецца адным зь першых. Мы пазнаёміліся недзе на пачатку 2009 году. Ён толькі пачынаў службу і трапіў у мой горны полк. Правілы ў Легіёне такія, што першыя некалькі гадоў жаўнер служыць не пад уласным прозьвішчам, а пад прыдуманым. Але першыя літары павінны быць аднолькавымі з сапраўдным. Мы былі ў роце падтрымкі. Спэцыфіка ў Легіёне такая, што славяне там трымаюцца разам. Беларус, паляк, украінец і расеец імгненна дамаўляюцца. У нас падобныя мовы і культуры, і гэта дапамагала ў адносінах. З Андрэем мы размаўлялі на польска-беларускай мяшанцы. Мы імгненна знайшлі супольную мову ва ўсіх сэнсах і палюбілі адзін аднаго. Гэта быў надзвычай культурны і спакойны чалавек, якіх у войску сустрэнеш нячаста. Цудоўны сябар і жаўнер».

«Зь беларусам Жуком не раздумваючы пайшоў бы ў агонь»

Андрэй Жук удзельнічаў у трох францускіх ваенных апэрацыях за мяжой. Са сьнежня 2010 году да красавіка 2011 году нёс службу ў Аўганістане (апэрацыя «Памір»). Двойчы у 2018 годзе быў у шматмесячных камандзіроўках у Малі (апэрацыя «Бархан»). За гады службы бываў у кароткіх камандзіроўках у Францускай Гвіяне і на францускай вайсковай базе ў Джыбуці, куды ён трапіў разам з Анджэем Охалам.

«Мы там былі летам 2009 году. Жаўнеры Легіёну трэніраваліся і адначасова сваёй прысутнасьцю гарантавалі Джыбуці незалежнасьць. Калі б не прысутнасьць францускіх жаўнераў, то суседзі — Этыёпія, Самалі і Эрытрэя — даўно б захапілі гэтую маленькую краіну. Памятаю, што там былі проста пякельныя кліматычныя ўмовы. Ня кожны быў здольны даць там сабе рады. Тэмпэратура часам дасягала 50 градусаў. А мы пры такой сьпякоце яшчэ і трэніраваліся. Гэта вельмі экстрэмальныя манэўры, і там здараліся сьмяротныя выпадкі менавіта праз слабасьць арганізму».

Неаднойчы пасьля гэтага Андрэй і Анджэй разам езьдзілі на горныя вучэньні, якія былі спэцыфікай іхнага палка. «У Легіёне, дзе служаць тысячы людзей, беларус Жук быў асобай, зь якой я не раздумваючы пайшоў бы у агонь», — кажа Охал.

Цырымонія разьвітаньня, Парыж

«Размовы зь ім дазвалялі ўсьведаміць, наколькі беларусы і палякі блізкія»

«У яго быў вельмі цьвярозы падыход да войска, без аніякай мітаманіі і стварэньня сабе іміджу супэркамандас. Найбольш мы размаўлялі пра жыцьцё, пра адрозьненьні нашых краінаў і Францыі, і ўласна пра жыцьцё ў Беларусі і Польшчы. Беларусы часьцей бываюць у Польшчы і таму ведаюць яе рэаліі лепш. А палякі пра Беларусь амаль нічога ня ведаюць. І Андрэй распавядаў пра культуру, пра людзей. Гэта былі цікавыя размовы, заўсёды з павагай да нашых народаў. Падчас такіх размоваў чалавек усьведамляе, наколькі мы, беларусы і палякі, блізкія».

«Сьмерць — спэцыфіка працы жаўнера»

Андрэй Жук загінуў у няшчасным выпадку. Паводле Охала, сьмерць можа сустрэць жаўнера Легіёну ў любы момант, і неабавязкова ад кулі ворага.

«Сьмерць на місіі не павінна зьдзіўляць. Гэта спэцыфіка працы. Часам гэта проста няшчасныя здарэньні. Я вярнуўся жывы з Аўганістану толькі таму, што там загінуў нехта іншы. Францускія вайскоўцы паехалі на патруляваньне замест нас, і іх падарвалі. З нашага ўзводу ніхто не загінуў, але жаўнеры войскаў кааліцыі гінулі амаль штодзённа. У Кот д’Івуар мы прыехалі пасьля вайны, але яна магла ў любую хвіліну пачацца ізноў. Я сам мог загінуць аднойчы ў Нарвэгіі. Мы ехалі па гарах і наш транспартэр затрымаўся на краю прорвы. 10-15 сантымэтраў уратавалі нашыя жыцьці. Гэта спэцыфіка ваенных дзеяньняў, і кожны жаўнер гэта выдатна разумее».

«Легіён дае тое, чаго ня ў стане даць радзіма»

Адна з апошніх сустрэчаў паляка Охала зь беларускім саслужыўцам адбылася падчас параду на Элізэйскіх палях у Парыжы 14 ліпеня 2010 году — на дзень нацыянальнага сьвята Францыі. Калёну замыкаюць акурат жаўнеры Легіёну. Сярод іх былі Андрэй і Анджэй.

Апошні раз яны бачыліся і размаўлялі 30 красавіка 2014 году на сьвяце Міжнароднага легіёну, якое адзначаецца 30 красавіка і называецца Дзень Камэрон.

«Я пакінуў войска амаль 10 гадоў таму, але мне яго ўвесь час не хапае. Усім вядома, што там мала прыемнага, і часам хочацца зьняць форму. Але калі здымаеш форму, то пачынаеш разумець, што яе не хапае. Пайсьці ў Легіён людзей прымушае кліч крыві, які, хіба што, ёсьць у некаторых мужчын. Гэта жаданьне прыгоды, выкліку, якія пазьней ператвараюцца ў звычку.

Палац Інвалідаў, Парыж

Варта таксама згадаць і пра грошы. Легіён — гэта жыцьцёвы шанец для хлопцаў з Усходняй Эўропы, у якіх не было ружовага жыцьця, якія ня мелі шанцу рэалізавацца на радзіме. Краіны Ўсходняй Эўропы не давалі такой магчымасьці, якую дае легіён — стаць часткай эліты. Менавіта гэтае жаданьне зьмяніць жыцьцё і прымушае хлопцаў уступаць у легіён. І мне падаецца, што менавіта ў людзей з нашага рэгіёну маральны стрыжань у Легіёне наймацнейшы. Гэта сяброўства, гатовасьць ісьці на рызыку, служба для штандара Легіёну. Калі пра гонар і сяброўства кажа эўрапеец з усходняй часткі, то ён ведае, пра што ён кажа. Я не хачу ні ў кога кідаць камяні, але ў людзей Захаду гэтыя паняцьці трошкі размытыя.

Калі б я мусіў ісьці на патруль уначы ў небясьпечнае месца, то я хацеў бы, каб са мною быў славянін. Гэта не стэрэатып, гэта выснова з маіх пяцігадовых назіраньняў. І Беларусь можа ганарыцца, што дала сьвету такога чалавека».

«Француз — не па крывi продкаў, а па пралітай ім крыві»

2 сьнежня, падчас нацыянальнай цырымоніі разьвітаньня з трынаццацьцю вайскоўцамі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падрабязна нагадаў пра кожнага з загінулых.

«Старшаму сяржанту Андрэю Жуку было 43 гады. Паступіўшы на службу ў Замежны легіён сапёрам дэсанту адзінаццаць гадоў таму, гэты беларус прайшоў узорны шлях да горнастралковага спэцназу. Ён некалькі разоў удзельнічаў у апэрацыях у рэгіёне Сахелю. 2-і інжынэрны полк Замежнага легіёну ў Сэн-Крыстолі будзе доўга памятаць пра гэтага салдата выключнай адвагі, француза — не па крывi, успадкаванай ад продкаў, а па пралітай ім крыві. Ён быў бацькам чацьвярых дзяцей і зрабіў свой выбар — абараняць нашу краіну і нашы каштоўнасьці».

У Андрэя Жука засталіся жонка і чацьвёра дзяцей.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях