5 траўня 2024, Нядзеля, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі пройдзе вясной 2016

6
Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі пройдзе вясной 2016

Лідары апазіцыі разлічваюць правесці яго да 25 сакавіка.

Кангрэс дэмакратычных сілаў пройдзе вясной 2016 года. Адпаведная пастанова прынятая 29 снежня на першым пасяджэнні аргкамітэта для правядзення мерапрыемства, паведаміў БелаПАН адзін з яго ўдзельнікаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

«Хутчэй за ўсё, кангрэс пройдзе вясной. За студзень-люты арганізаваць яго правядзенне наўрад ці ўдасца, таму найбольш імаверны час - вясна 2016 года, хутчэй за ўсё, яе сярэдзіна», - заявіў Някляеў, адзначыўшы, што пажадана правесці кангрэс да Дня Волі.

17 снежня група вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў заклікала апазіцыю да кансалідацыі ды правядзення кангрэса дэмакратычных сіл для выпрацоўкі далейшых дзеянняў. На наступны дзень апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта для падрыхтоўкі кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт пагадзіліся ўвайсці Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.

У першым пасяджэнні аргкамітэта ўзялі ўдзел Статкевіч, Някляеў, Шушкевіч, Фядыніч, Сіўчык, а таксама былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

«Па-першае, нам трэба было вызначыць, ці будзем праводзіць кангрэс з удзелам усіх дэмакратычных структур ці толькі тых, хто пагадзіўся ў ім удзельнічаць. Прынялі пастанову, што будзем праводзіць кангрэс ваўсякім выпадку. Нельга паўтарыць памылку, якую мы здзейснілі перад прэзідэнцкімі выбарамі , не правёўшы кангрэс і пайшоўшы на выбары рознымі калонамі», - сказаў Някляеў.

У той жа час, адзначыў ён, пытанне канкрэтнага месца правядзення кангрэса адкрытае. «Нягледзячы на лібералізацыю, праблемы з рэжымам застаюцца. Аднак наважылі праводзіць кангрэс ва ўсякім выпадку ў Беларусі. Разглядаем розныя варыянты, дзе яго канкрэтна правесці, у залежнасці ад таго, будзе ён дазволены ці не», - заявіў палітык.

Рэгламент кангрэса на пасяджэнні быў разгледжаны толькі ў агульным выглядзе. Ён, са словаў Някляева, яшчэ не прапрацаваны, а таму выкласці яго пакуль нельга.

Палітык адзначыў, што на кангрэсе павінна быць прадэманстраваная кансалідацыя дэмакратычных сілаў краіны вакол адзінай стратэгіі дзеянняў. «Неабходна зразумела адказаць людзям на пытанне, што мы збіраемся рабіць у складанай палітычнай і эканамічнай сітуацыі, якая ўзнікае ў перспектыве на 2016-ы і наступныя гады. Гэтую стратэгію дзеянняў апазіцыі трэба падрыхтаваць і зразумела выказаць людзям. Гэта было б выгадна ўсім удзельнікам дэмакратычнага руху Беларусі, бо скаардынаваная пазіцыя - гэта заўсёды плюс, яе людзі ўспрымаюць з вялікім даверам», - мяркуе Някляеў.

Ён падкрэсліў, што ў апазіцыі «ёсць пытанні, якія патрабуюць толькі агульнага развязання». «Калі б з агульнай пастановай мы выйшлі на прэзідэнцкія выбары гэтага года, іх вынік быў бы зусім іншым», - перакананы палітык.

Пры гэтым Някляеў адзначыў, што «ёсць тыя, хто кажа, што аб адзінай стратэгіі можна дамаўляцца на сустрэчы кіраўнікоў структур». «Мой досвед паказвае, што гэта не зусім так. Дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў парушаюцца так жа лёгка, як дамоўленасці хлапчукоў у лагеры адпачынку, якія дамовіліся ўсе разам пайсці на рэчку, а ў выніку палова пабегла ў лес. Гэтыя дамоўленасці могуць выконвацца толькі тады, калі прынятая калегіяльная пастанова аб іх абавязковым выкананні ўсімі апазіцыйнымі структурамі. Толькі тады можна дамагчыся выніку. Калі гэта не будзе дасягнутае, мы прыйдзем і да парламенцкіх выбараў раз'яднанымі, і апазіцыя згубіць апошнія аскепкі аўтарытэту, які яна мае ў краіне», - сказаў ён.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках