26 красавiка 2024, Пятніца, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як веданне замежных моваў уплывае на ваша здароўе

4
Як веданне замежных моваў уплывае на ваша здароўе

Даследаванне правялі сярод каталіцкіх манашак.

Група навукоўцаў з Універсітэта Ватэрлоа вывучыла стан здароўя 325 манашак кангрэгацыі Сясцёр Святой Панны Марыі з Намюра. Звесткі былі ўзятыя з іншага буйнога міжнароднага даследавання манашак гэтай арганізацыі больш вядомага як The Nun Study. Са слоў навукоўцаў, The Nun Study дае унікальную магчымасць вывучыць людзей, чыё жыццё развівалася ў абсалютна розных умовах у дзяцінстве і юнацтве, але ў вельмі падобных - пасля трапляння ў манастыр. Гэта дае магчымасць ацаніць унёсак фактараў, якія ўплываюць на жанчын на ранніх этапах развіцця, на стан здароўя ў сталым узросце, піша Naked Science.

Звесткі паказалі, што ўзроставая дэменцыя развівалася толькі ў 6% сясцёр, якія валодалі чатырма і больш мовамі. З памяншэннем колькасці моваў нават на адну адзінку паказчыкі значна павялічваліся: у манашак, якія ведаюць не больш за тры мовы, паказчык развіцця дэменцыі дасягаў 31%.

«Мова - гэта складаная здольнасць чалавечага мозгу, і пераключэнне паміж рознымі мовамі патрабуе выдатнай кагнітыўнай гнуткасці», - сцвярджае вядучы аўтар даследавання Сюзанна Ціяс. «Таму лагічна, што дадатковая разумовая нагрузка, якую атрымліваюць паліглоты пры пераключэнні з мовы на мову, дапамагае ім трымаць мозг у найлепшай форме».

Спецыялісты таксама даследавалі пісьмовыя працы 106 манашак і параўналі іх з больш шырокімі звесткамі. Атрымалася выявіць, што чым вышэйшая ў тэксце шчыльнасць думак (лінгвістычны паказчык, які вызначае сярэдні лік думак, выказаны ў пэўным аб'ёме тэксту), тым меншая магчымасць развіцця дэменцыі ў аўтара. Гэты фактар можа нават больш уплываць на свядомасць манашак, чым шматмоўе.

«Хоць шматмоўе і можа быць важным, мы павінны таксама звяртаць увагу на іншыя моўныя здольнасці», - падсумоўвае Ціяс. «Акрамя таго, нам трэба больш ведаць пра паліглотыю, пра важнасць яе аспектаў - напрыклад, узрост, у якім упершыню вывучаецца новая мова, як часта выкарыстоўваецца кожная з моваў, і наколькі яны падобныя. Гэтыя веды дапамогуць пры распрацоўцы стратэгій развіцця мультылінгвальнасці і стварэнні лінгвістычных трэнінгаў для зніжэння рызыкі развіцця дэменцыі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках