3 траўня 2024, Пятніца, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былога мытніка з-за дрэннага стану здароўя судзілі на Валадарцы

3
Былога мытніка з-за дрэннага стану здароўя судзілі на Валадарцы
ЯЎГЕН ГУРЫНОВІЧ

Яго з калегамі абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе» і «экстрэмізме».

Былога мытніка Яўгена Гурыновіча праз стан здароўя судзілі ў СІЗА №1 на Валадарцы. Яго і двух экс-калегаў абвінавацілі паводле васьмі артыкулаў, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» і «экстрэмізме», паведамляе праваабарончы цэнтр «Весна».

Справа супраць Яўгена Гурыновіча выдзеленая ў асобную вытворчасць і разглядаецца па месцы ўтрымання ў СІЗА № 1. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, такая мера звязана з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем: у абвінавачанага міжпазваночная кіла, з-за якой ён не можа доўга сядзець і стаяць.

Паводле справы Гурыновіча на Валадарцы прайшло ўжо больш за дзесяць судовых працэсаў. Апошняе пасяджэнне адбылося 15 сакавіка.

У Менскім гарадскім судзе з 10 кастрычніка 2023 года па 6 лютага 2024 года праходзіла закрытае пасяджэнне ў дачыненні да Яўгена Гурыновіча, Віктара Новіка і Уладзіміра Журомскага. Усе трое мужчын былі супрацоўнікамі Мытнага камітэта. Падрабязнасці справы праваабаронцам невядомыя.

Суддзя - Сяргей Хрыпач, вядомы шматлікімі палітычна матываванымі прысудамі.

Агулам іх судзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сярод іншага іх абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве", "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "перавышэнні службовых паўнамоцтваў", "распачынанні іншай сацыяльнай варожасці", "стварэнні або ўдзеле ў экстрэмісцкіх фармаваннях".

Вядома, што Уладзіміра Журомскага ў выніку прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і вялікага штрафу, Віктару Новіку прызначылі 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 20 тысяч рублёў штрафу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках